Мікола Адам Мястэчка (раман-серыял у двух сезонах)

Сезон першы

В этом городе нет рок-н-ролла!

Рок-н-ролла здесь нет!..

«Звери»

Перемен требуют наши сердца!

Перемен требуют наши глаза!..

«Кино»

Частка першая

Дзея першая

Эпізод 1

За вокнамі плакала восень. Стукалася дажджом у шкло, каб пусцілі, пашкадавалі. Разбівалася кроплямі з адчаю аб безуважнасць.

Нічога не змянілася за лета. Хлопцы, якімі былі боўдзіламі, такімі і засталіся, толькі смялейшымі сталі, нахабнейшымі. Асабліва Кастальцаў з Хвалеем, якіх апошнім часам паўсюль бачылі ўдваіх. І адкуль такое сяброўства? Хіба што на адной вуліцы жылі, Індустрыяльнай?… Мама першага – уладальніца мясцовага салона прыгажосці, а бацька – дырэктар мясакамбіната, і ў яго раман з геаграфічкай Наталляй Франсаўнай, пра які ўсе ведалі, але рабілі выгляд, што не ведалі. Бацька ж Хвалея звычайны сярэднестатыстычны п’янтос. Хвалей, між іншым, выцягнуўся. Ростам быў ніжэй за ўсіх, нават ніжэй за яе, Дашу Белую, вучаніцу дзясятага «А», сімпатычную дзяўчынку, захопленую Кафкам. Яна не вельмі любіла кіно, больш кніжкі чытала. «Уладара пярсцёнкаў», «Гары Потара», Кафку, асабліва «Амерыку» Кафкі. Гуляць – не гуляла. Сумна і аднастайна было ў іх мястэчку і пайсці няма куды. Ніякіх выбітнасцяў. З задавальненнем згаджалася ўдзельнічаць у школьнай самадзейнасці, але тое адбывалася тры разы на год: на Новы год, на Восьмае сакавіка і на Дваццаць трэцяе лютага. Ды мерапрыемствы праходзілі амаль заўсёды аднолькава па падобных адзін на аднаго сцэнарах. Карацей – нудоцішча.

Гледзячы на Кастальцава з Хвалеем, Даша падумала, што ёй таксама хацелася б з кім-небудзь сябраваць, але з кім? Усе яе адносіны з аднакласнікамі абмяжоўваліся дзяжурнымі прывітаннем ды пакуль. Ні пра якое сяброўства яна раней не задумвалася. Хлопцы сябравалі адзін з адным, але не ўсе. Колю Пінокіа, празванага так за доўгі нос, наогул зачмырылі і не лічылі за чалавека, таму што ён не мог пастаяць за сябе і плакаў, як дзяўчынка, калі яго білі ці крыўдзілі. Ён нядрэнны, але баязлівы, старанны ў вучобе і ўсё такое, аднак школа для яго, напэўна, пекла. Ён нават рухаўся неяк бокам і стараўся апынацца бліжэй да сценкі, каб не атрымаць знянацку выспятка. Пакрыўдзіць слабога лічылася святым абавязкам кожнага годнага павагі «пэцана» (так хлопцы адзін аднаго звалі). Але гэта было не пра Пінокіа.

Марыя Пятроўна, настаўніца рускай літаратуры і класны кіраўнік дзясятага «А», сядзела за настаўніцкім сталом, узвышаючыся над класам, чытала штосьці гламурнае ў глянцавым часопісе, павольна адломвала кавалачкі шакаладу «Алёнка» (фольга пры гэтым шамацела так, нібы скардзілася на недастатковую далікатнасць) і насалоджвалася яго смакам. Усе вакол ведалі пра незвычайную прыхільнасць настаўніцы да салодкага, таму амаль не рэагавалі на яе міжвольныя прыцмокванні, занятыя сачыненнем на тэму «Як я правёў (правяла) лета». Ніхто ў класе не гаманіў і не мітусіўся, нават дзіўна, усе рупліва ўткнуліся ў раздадзеныя аркушыкі і складалі ўласныя вакацыі. Даша нічога не складала. Яна напісала, што ні на якія курорты не ездзіла, ні з якімі хлопчыкамі не знаёмілася, нікому не прызнавалася ў вялікім і чыстым каханні. Напісала пра сваю старэйшую сястру, якая вучылася ў сталічным кульку, пра яе жыццё ў інтэрнаце, пра яе сябровак, якія прайшлі «Крым і Рым», як яны казалі; пра тое, як паспрабавала віно, але яно ёй не спадабалася, нейкае кіслае. Пра татку таксама напісала, які мог і ўдзень і ўначы тарашчыцца ў блакітны экран, лежачы на канапе. Яму было ўсё адно што глядзець, абы чалавечкі бегалі ці партрэцікі вяшчалі.

Блін, так закарцела з кімсьці параіцца, падзяліцца самым патаемным, ды проста пабалбатаць урэшце рэшт… Таня Паўлоўская, здаецца, нічога, як чалавек. На танцы ў Дом культуры ходзіць. Павінна адэкватна аднесціся, калі Даша прапануе ёй сяброўства. Толькі сядзіць яна заблізка да настаўніцы. Зразумела, ніякім падхалімажам ці яшчэ чым-небудзь падобным Паўлоўская не вылучалася, і сябровак у класе, здаецца, у яе не было…

Дзесяць гадоў знаёмы, а як чужыя.

Вырашана, трэба стусавацца з Паўлоўскай. З ёю будзе не сумна.

Эпізод 2

– Тань! – паклікала Даша аднакласніцу, даганяючы яе пасля ўрокаў. – Таня! Паўлоўская!.. Пачакай!..

– Чаго табе? – азірнулася тая, спыніўшыся на паўдарозе ад выхаду з школы.

– Адыдзем? – прапанавала Даша, параўняўшыся з Паўлоўскай, каб не замінаць натоўпу вучняў пазбаўляцца ад цяжару школьных сцен.

– Навошта? – запытала Паўлоўская, аднак рушыла ўслед за Дашай да найбліжэйшага акна.

– Разумееш, – узяла Даша аднакласніцу за руку, – я тут падумала, карацей…

– Кастальцаў, зыр, – заўважыў дзяўчат Хвалей, які накіроўваўся да школьных дзвярэй у кампаніі з Кастальцавым і яшчэ некалькімі «пэцанамі» з паралельнага класа, – Белая з Паўлоўскай, як «галубцы»…

– Лесбі, – паправіў яго Кастальцаў, дэманструючы сваю дамінуючую дасведчанасць і ўзіраючыся ў аднакласніц, якія хутка схавалі свае рукі за спіны. – І хто з вас актыў, а хто пасіў?

– Адвалі, Кастальцаў! – прамовіла Таня рашуча.

– А то чо? – бясстрашна выгукнуў Хвалей.

– Дратуй адсюль, ці дрэнна даходзіць? – крыкнула ў бок Хвалея Даша.

– Дрэнна, не тое слова! – не разгубіўся Хвалей.

Дашай раптам авалодала такая страшная непрыязнасць да гэтага прадстаўніка мужчынскага роду, што яна ледзь стрымлівала сябе. На падаконніку дзяўчына намацала падручнік, кімсьці, мабыць, забыты, схапіла яго і шпурнула ў Хвалея. Хлопец ухіліўся, але быў крыху збянтэжаны.

– Чуеш, – выціснуў ён, – Белая! Ты чо, шалёная?

– Гэта ў яе абвастрэнне восеньскае, – прыдумаў Кастальцаў і засмяяўся. Уся кампанія засмяялася таксама, патураючы лідару.

– Ха-ха-ха, Кастальцаў, як смешна, – парыравала Таня.

– Так, Кастальцаў! – Невядома адкуль з'явілася геаграфічка Наталля Франсаўна. – Што тут у вас адбываецца? Чаму дадому не ідзем? Ці жадаеце на дадатковыя заняткі застацца? Я ўладкую.

– Чаму адразу Кастальцаў? – роблена абурыўся той.

– Гэта Белая тут тэрмінатарам сябе аб’явіла, – прыйшоў на дапамогу сябру Хвалей. – Пастаўце яе ў вугал, Наталля Франсаўна, а то яна падручнікамі шпурляецца.

– Так, – пацвердзіў Кастальцаў, – прычым чужымі, папрашу заўважыць.

– Усё! – спыніла спрэчкі Наталля Франсаўна. – Заканчваем балаган і марш па хатах! Хвалей, дзяўчынак прапускаем наперад!

– А чо я? Я нічо.

Даша падхапіла Паўлоўскую за руку, і дзяўчаты бегма пакінулі школу пад улюлюканне аднакласнікаў. Беглі да Плошчы. Яна распласталася за некалькі дзясяткаў метраў ад школьнага двара. На рынкавым пятачку перайшлі на крок. Хлопцам, усім з той кампаніі, было ў іншы бок.

– Дэбілы, блін, – прамовіла Даша, супакойваючы сэрца, што імкнула выскачыць з грудзей спалоханым вераб’ём.

– Спрытна ты зарадзіла па Хвалею кніжкай, – пахваліла яе Таня. – А чаго клікала?

– Ды… мне няма каму… няма з кім… падзяліцца, ці што… самым патаемным, – не ведала, як сказаць, каб незнарок не пакрыўдзіць, Даша.

– У сяброўкі, ці што, клічаш? – здагадалася Таня.

– Ну, увогуле, так, – прызналася Даша. – І ў госці запрашаю, проста зараз.

– Калі чо, я не па тых справах, – успомніла дзяўчына намёкі Хвалея.

– Ты чо! – абурылася Даша. – Я тым больш не па тых. Не хочаш, так і скажы, што не хочаш. Перажыву як-небудзь.

– Ды добра, не парся, – згадзілася Таня. – Ты, здаецца, нармальная. Хадзем да цябе.

Дзяўчаты перайшлі дарогу, павярнулі направа, спусціліся ўніз тратуарам, мінаючы Рэстаран і прадуктовую краму. За банкам павярнулі налева да пяціпавярховікаў. Прайшлі праз два двары і апынуліся каля пад'езда Дашынага дома. На трэцім паверсе Даша праткнула бакавыя дзверы ключом, адамкнула і, штурхануўшы іх ад сябе, прапусціла аднакласніцу наперад. Яе пакой знаходзіўся злева, адразу, як заходзіш. Дакладней, пакой яе і старэйшай сястры, але паколькі сястра цяпер жыла ў Мінску, пакой належаў Дашы цалкам, хоць двухпавярховы ложак ніхто не разбіраў. Ды і навошта? Два ложкі побач займалі б больш месца, а так было даволі прасторна. Ля акна – стол з чырвонага дрэва з чатырма ёмістымі шуфлядкамі і глыбокай паліцай унізе, паміж шуфлядкамі і бакавой сценкай. На стале – комп, часопісы розныя, падручнікі, сшыткі, настольная лямпа. Офіснае крэсла і мяккае крэсла побач. Адно каля сцяны. Трумо і банкетка за дзвярыма, шафа насупраць ложкаў. На падлозе – мяккі варсісты дыван. Сцены абвешаны плакатамі з выявамі Аўрыл Лавін, Сяргея Лазарава – улюбленага выканаўцы старэйшай сястры, Джарэда Лета, акцёра і вакаліста гурта «30 секунд да Марса», Джоні Дэпа, Эмі Лі, Нукі.

– Клёва ў цябе, – агледзеўшыся, сказала Паўлоўская.

– А ў цябе не так? – не зразумела Даша.

– Не так, – паціснула плячыма Таня. – Я ж у бабулі жыву.

– А бацькі дзе?

– А бацькоў як карова злізала, – села ў крэсла Таня.

– Жэсць, блін, – прамовіла Даша. – Выбач, калі чо, я не ведала.

– Забудзься, – адмахнулася Таня. – Мы наогул адна пра адну нічога не ведаем.

– Так, – пагадзілася Даша. – Каву будзеш? – прапанавала.

– Давай, – пагадзілася сяброўка.

Даша ўключыла электрачайнік.

– Так што ў цябе здарылася? – нагадала Паўлоўская аб галоўным.

– Ёсць адна тэма, – сказала Даша. – Карацей…

Закіпеў чайнік, і Даша не дагаварыла.

Прыгатаваўшы кавы, яна разліла яе па кубках, падала адзін госці. Са сваім кубкам села на ложак насупраць Паўлоўскай, якая ўжо стамілася чакаць, заінтрыгаваная словамі новаспечанай сяброўкі, працягу, і таму нецярпліва спытала:

– Што карацей?

– Я, карацей, буду эма, – на адным дыханні выпаліла Даша, сціскаючы аберуч кубак, быццам грэючы аб яго пальцы.

– Гоніш? – не паверыла Таня.

– Праўда, – пацвердзіла Даша, і гэтулькі ў яе позірку было рашучай упэўненасці, што Паўлоўская адразу паверыла пра не абы які намер аднакласніцы.

– Не зразумеюць, – сказала яна і сумна дадала: – Асабліва калі ты ў школу прыйдзеш у прыкідзе эма.

– Ну, так, – кіўнула Даша, нібыта згаджалася з песімістычным прароцтвам Паўлоўскай. – А чо такога? – Усё ж не хацела верыць у горшае. – Сяструха кажа, у іх там у Мінску эма на эма, і нармальна.

– То ў Мінску! – заўважыла Таня. – У нас цябе зачмыраць. Той жа Хвалей першы пальцам стане паказваць, як на ўродку.

– Ну і фіг з ім, – сказала Даша. – Эма – гэта ж крута, а галоўнае, не сумна. А то заплеснелі ўжо ўсе тут. Я і ў чаце пазнаёмілася з эма-дзяўчынкамі. Яны такія цікавыя, прыкольныя.

– Так табе па прыколу прыспічыла ў эма ператварыцца? – спытала Таня.

– Не, чаму. Мне вельмі блізкія матывы і лад жыцця эма.

– І схільнасць да суіцыду ты таксама маеш?

– Навошта? – не зразумела Даша.

– Праехалі, – спыніла саму сябе Таня. – Твая справа. Што я цябе, адгаворваць буду? Шмоткі дзе будзеш браць?

– У пятніцу сястра прыязджае. Я з ёй аб усім дамовілася. Яна і шмоткі прывязе, і пафарбуе мяне, – адказала Даша. – А ў суботу я ў новым вобразе прыйду на дыскач.

– Ну-ну, рэвалюцыянерка.

– Чаму адразу рэвалюцыянерка?

– А то хто ж?

– Ну клёва ж будзе, – настойвала Даша. – А як яшчэ выказаць уласнае «я»? Паказаць, што я асоба? Ты вось праз танцы свае самавыражаешся? Я буду праз эма-вобраз.

– Ды я ж не супраць, – усміхнулася Таня. – Проста цяжка табе давядзецца ў нашым балоце, хоць прыкольна будзе паглядзець на рэакцыю, асабліва настаўнікаў. А продкі твае што скажуць?

– Я думаю, ім увогуле пофіг, што са мной і як я жыву, – сказала Даша неяк сумна.

– Бывае, – уздыхнула Таня. – Такая ж фігня, як са мной. Толькі мае не хаваюць гэтага.

– Дык што, мы сяброўкі? – вырашыла нарэшце напрамую спытаць Даша аднакласніцу.

– Сяброўкі, сяброўкі, – запэўніла Таня, якой таксама вельмі карцела з кім-небудзь сакрэтнічаць і каму-небудзь па-сапраўднаму даверыцца. Даша Белая – чым не варыянт? Да таго ж сама прапанавала сяброўства.

Эпізод 3

Восень зарадзіла дажджы-кулямёты і расстрэльвала бесперапыннай залевай ўсё жывое. Сцвярджала сябе, велічна заяўляючы, што прыйшоў яе час і нікому іншаму распараджацца на здабытай тэрыторыі не дазволіць. Аднак не ўсе страшыліся восеньскай макрэчы. Маладосці, верагодна, наогул невядома такое паняцце як «страх». Маладосць – безразважная і легкадумная, адчайна адважная і адзіная, хто здольны кахаць да самазабыцця, схільная да самаахвяравання і подзвігу, але не супраць атрымліваць падарункі і прызы, адначасова жорсткая і літасцівая, а яшчэ ўлюбёнка смерці і вайны. Нездарма Віктар Цой калісьці распавёў усяму свету, што «война – дело молодых… лекарство против морщин». Бясстрашная маладосць не баялася восені, яе саманадзейных прастуд і ангін, таму што ў сэрцы маладосці жыла вясна, таму што маладосць і была вясной. І спыніць музыку восень таксама была не ў сілах. Як матылькі на яркае святло, на гукі музыкі імкнулі юнакі і дзяўчаты, будучыя мужчыны і жанчыны. Менавіта музыка аб'ядноўвала іх разам. Хай бессэнсоўная і дурная, але такая неабходная ў гэтыя некалькі гадзін, вылучаных кіраўніцтвам аддзела культуры пад дыскатэку, калі хлапчукі і дзяўчынкі, па сутнасці, маглі не прыкідвацца кімсьці, кім павінны былі быць у грамадстве, а заставацца самімі сабой. Менавіта музыка валодала дарам надзяляць усіх і кожнага непасрэднасцю, а не прытворствам. Прытворствам жыццё забяспечвала напоўніцу. Абсалютна розныя, і ў сацыяльным становішчы, і ў разумовым развіцці, маладыя людзі, як цвярозыя, так і пад чаркай, не праходзілі міма, а абавязкова заходзілі ў танцзалы. Іх намеры былі розныя. Хтосьці хацеў танчыць, хтосьці адпачыць, хтосьці пазнаёміцца, хтосьці сустрэцца з сябрамі, пакурыць, пабалбатаць, хтосьці выпендрыцца і пабіцца, хтосьці цалавацца не тоячыся… Ні восень, ні яе дажджы-кулямёты не маглі перашкодзіць моладзі заставацца моладдзю. Таму яшчэ а шостай вечара ў суботу дыджэй Крол, вучань адзінаццатага класа з Першай школы, сын дырэктрысы мясцовага Дома культуры, афіцыйна аформлены мамай як супрацоўнік ДК па дамове падраду на паўстаўкі, завёў сваю «шарманку» так, што раздзіраліся калонкі «Аліса», і гук, які вырываўся з дынамікаў, як джын з бутэлькі, расцякаўся па ўсёй Плошчы і ахінаў сабой, забіваючы шум дажджу.

Паволі народ збіраўся. Прыходзілі па адным, па двое, па трое, потым цэлымі кампаніямі заходзілі ў фае, але выходзілі на ганак, чакаючы асноўны прыток, які падцягваўся недзе а дзявятай гадзіне, калі цямнела. Цемра ж, як вядома, сяброўка моладзі. Але гэта не азначала, што ніхто не танчыў у фае Дома культуры, аздобленага пад танцпляцоўку. Жадаючых хапала, асабліва з боку дзяўчат. Ім неабавязкова была прысутнасць хлопцаў пад хуткія рытмы, яны нядрэнна спраўляліся і без іх. Вось пад павольныя кампазіцыі іншая справа.

Даша прыехала на дыскатэку ў машыне Цімура, маладога чалавека яе сястры, які абавязаны быў знаходзіцца побач і сачыць за парадкам, паколькі служыў у міліцыі і якраз прыйшла яго чарга дзяжурыць. Апроч міліцыі за парадкам, як правіла, назіралі вартаўнік Дома культуры, хтосьці з супрацоўнікаў і хто-небудзь з настаўнікаў. Гэту неабходнасць увяла мясцовая ўлада пасля таго, як летась на падобным мерапрыемстве забілі да смерці аднаго хлопца.

Яе рыхтавалі да дыскатэкі, як Наташу Растову да першага балю. Сястра прывезла неабходныя рэчы, некалькі дыскаў з музыкай, якую меркавана слухалі эма, у чарговы раз запытала, ці канчатковае рашэнне Дашы змяніцца ў эма, і ўзялася за яе пераўвасабленне. Спярша пафарбавала Дашыны валасы ў чорны колер і выстрыгла ламаны чубок, чорным лакам пакрыла пазногці сястрычкі, потым адну пасму валасоў зрабіла ружовай, вочы і павекі багата апрацавала чорнай тушшу і касметычным алоўкам, вусны – бясколернай памадай. На ружовую ў абліпку футболку з доўгім рукавом Даша апранула чорную маечку з чэрапам на грудзях, паласатыя чорна-ружовыя легінсы нацягнула на ногі. Абулася ў мацерчатыя ружовыя красоўкі. Завяршала ўбор сапраўдная балетная пачка з ружовага газу. Дзе адшукала ўсе гэтыя рэчы, сястра не прызналася. Верагодна, думала, што ў Дашы чарговая блазнота. Сходзіць на дыскатэку, як на карнавал, і супакоіцца. Ну не магла ж сапраўды, напраўду, сястрычка так здурнець на эма! Гэта ж не Мінск! Не зразумеюць кансерватыўныя жыхары правінцыйнага, а таму спакойнага бытаўкладу, бунтоўнага, можна сказаць, учынку звычайнай дзяўчынкі. Дый на спад ужо ішоў у вялікіх гарадах навамодны павеў. Старэйшая сястра не сумнявалася ў тым, што Даша проста дзівачыла і жадала спадабацца якому-небудзь хлопчыку, а якому, не казала, таму што ў яе ўзросце заўсёды нейкія таямніцы, па сабе ведала. Як бы там ні было, Цімур высока ацаніў новы Дашын вобраз. Яму спадабалася, але ён палічыў неабходным заўважыць, што да Хэлоўіна яшчэ далёка. Месяцам памыліліся. Тлумачыць яму нічога не сталі, сказалі, што Даша праз спрэчку так прыбралася.

Высадзіўшы яе ля ўвахода ў ДК, Цімур ад'ехаў за будынак, каб нацешыцца блізкасцю з Верай (так звалі Дашыну сястру).

Тыя, хто знаходзіліся на вуліцы, на ганку Дома культуры, літаральна аслупянелі, убачыўшы Дашу. Яны нават не адразу зразумелі, што перад імі менавіта Даша, а не хтосьці іншы.

У Кастальцава і цыгарэта вывалілася з рота, так уразіў хлопца яе знешні выгляд.

– Прывітанне, Кастальцаў! – мінаючы яго, сказала Даша.

– Прывітанне, – праводзячы доўгім позіркам дзяўчыну, прамямліў той.

Адзін Хвалей не разгубіўся і не напружваў мозг.

– Зыр, Белая счарнела! – паказваючы пальцам на Дашу, выгукнуў ён. – Часам яны вяртаюцца! – кінуў ёй наўздагон.

– Пайшоў ты, Хвалей! – азвалася Даша і паказала яму сярэдні палец.

– Чо сказала, аўца?! – кінуўся за Дашай Хвалей, але тая ўжо схавалася за дзвярыма Дома культуры.

– Чо гэта было? – лыпаючы вачыма, быццам пазбаўляючыся ад наслання, спытаў Кастальцаў у Хвалея.

– Белая выйшла з пекла, – прабубніў Хвалей.

– Яна чо, дура?

– Відавочна, што не разумная.

– Чуеш, а ёй так лепш, – раптам выказаўся Кастальцаў, прыкурваючы цыгарэту, прапанаваную Хвалеем. Той, не разумеючы, утаропіўся на сябра. – Зараз яна стала сабой, баран, – засмяяўся Кастальцаў.

– Мутантам, ці што? – прыдумаў Хвалей.

– Сам ты мутант, – смяяўся Кастальцаў. – Фантазію ўрубі…

– А-а-а, – працягнуў Хвалей, нібыта зразумеў, што меў на ўвазе Кастальцаў, і засмяяўся таксама.

Даша прывіталася з вартаўніком Віцькам, не старым яшчэ і прыемным на выгляд дзядзечкам, які сядзеў на сваім нязменным месцы за вахтавым сталом, у кепцы, што хавала раннюю лысіну, увайшла ў танцзалу, якая мігацела рознакаляровымі агнямі, і задрыгалася разам з усімі, пакуль на яе не звярнулі ўвагу. Яна лавіла на сабе здзіўленыя позіркі, захопленыя, пагардлівыя, нават юрлівыя, стаўшы цэнтрам сусвету, але паводзіла сябе так, быццам нічога не бачыла, і ўсё ж адчувала неверагоднае задавальненне.

Паўловской у зале Даша не знайшла, колькі ні шукала вачыма. Пэўна, яшчэ не прыйшла, але прыйсці абяцала. Нібы ў пацверджанне яе думак, Таня паўстала з ніадкуль, захоплена вылупіўшы вочы на сяброўку. Яна не магла не падтрымаць Дашу, хоць асабліва і не верыла ў тое, што дзяўчына адважыцца на падобнае. Але Даша апраўдала ўсе яе чаканні.

– Слухай, клёва! – пракрычала Паўлоўская Дашы на вуха, маючы на ўвазе яе знешнасць. – Пойдзем адгэтуль! – паклікала за сабой, паколькі не жадала псаваць уражанні дрэннай музыкай, якая ніяк не падыходзіла да новага іміджу сяброўкі. Гэта ж не «Токіа-гатэль» і не «Слот» – любімыя Дашыны гурты.

– Куды? – разгубілася Даша. У вобраз-то яна ўвайшла, але не ведала, што з ім рабіць далей.

– Убачыш, – цягнула за сабой Таня.

Дзяўчаты без шкадавання пакінулі танцпляцоўку з незразумелымі гукавывяржэннямі, названымі сучаснай музыкай, прашмыгнулі ў левае крыло і падняліся па крутой драўлянай лесвіцы з разьбянымі парэнчамі на другі паверх, дзе мясціліся прыёмная і паміж прыёмнай метадычныя кабінеты. У адным з іх расслабляліся з дапамогай віна, піва і торціка з чыпсамі некалькі дзяўчат. Гэта былі танцоркі з калектыву, у якім займалася Таня, – Аляўціна Мароз, Юля Перасільд і Руслана Міхайлоўская. Даша іх ведала ў твар, але ніколі блізка ні з кім не сутыкалася. Аля Мароз вучылася ў паралельным класе, дзве іншыя дзяўчынкі – у ліцэі, што знаходзіўся ў новым раёне, непадалёк ад ваенкамата і лякарні.

– Праходзь, – падпіхнула Паўлоўская Дашу з праходу ў кабінет.

Дашу здзівіла, хоць і не моцна, свабоднае распіццё спіртнога. Яна і падумаць не магла, што дзяўчаты, якія займаліся танцамі, здольныя так хвацка ўжываць алкаголь. Аляўціна нават курыла, страсаючы попел з доўгай цыгарэты ў аднаразовую пустую шкляначку.

– Не бянтэжся, – выдыхаючы дым колцамі, сказала Аля, звяртаючыся да Дашы. – Як бачыш, мы не анёлы. Зрэшты, як і ты. Смела, – звярнула ўвагу на знешнасць і ўбор госці. – Я думала, Танька гоніць. А ты насамрэч такая. Праходзь, не саромейся. Тут усе свае.

Даша нерашуча ўвайшла ў кабінет, села на прапанаванае Паўлоўскай крэсла. Таня прысуседзілася побач, каб Даша адчула, што прысутныя ёй не ворагі.

– Што піць будзеш? – спытала Аля.

– Не ведаю, – Даша паціснула плячыма. – Я яшчэ ніколі…

– Усё бывае калі-небудзь упершыню, – вымавіла Руслана Міхайлоўская – высокая хударлявая бландзінка, разліваючы па шкляначках віно.

– Пі, – працягнула адну шкляначку Дашы Аля, – за смеласць.

Даша ўзяла шкляначку аберуч, зірнула ў вадкае яго змесціва і пачала піць хуткімі маленькімі глыткамі, не адрываючыся, пакуль не выпіла ўсё.

– Цыгарэтку? – прапанавала Аля.

Даша згодна кіўнула, зацягнулася няўмела, закашлялася.

– Пачакай, – спыніла сяброўку Таня, таму што Даша гатовая была заплакаць, ці то ад дыму, што патрапіў у лёгкія, ці то ад смеху дзяўчат, якіх расссмяшыла неспрактыкаванасць госці, – я пакажу. Глядзі, – узяла яна цыгарэту, – прамаўляеш «Ой, мама!» і адначасова ўдыхаеш. Спрабуй.

Даша зрабіла так, як падказала Таня. Вочы яе адразу павільгатнелі, падлога паплыла. Здавалася, яна знаходзілася на борце нейкай яхты, што калыхалася на хвалях. Стала добра і прыемна. Потым вочы раптам загарэліся, аднекуль з'явіліся бадзёрасць у прыскок з весялосцю, і Даша адчула, што ведае дзяўчат з метадычнага кабінета сто гадоў.

– Ну як? – Таня пацікавілася станам сяброўкі.

– Клёва! – паказала Даша вялікі палец, падняты ўгару, і зацягнулася яшчэ. – А што святкуем? – спытала.

– Нараджэнне новага чалавека, – адказала Юля Перасільд – пякучая брунетка з кароткай стрыжкай, неверагодна пластычная і абаяльная.

– А хто нарадзіўся? – не зразумела Даша.

– Ты, – прагучаў адказ.

– Ды ну вас, – засаромелася Даша. – Гоніце, пэўна.

– Хто гоніць? – запярэчыла Аля. – Гоніць дзед Андрэй сэм у Пацейках.

– Ну дзякуй тады, – не знайшла чаго іншага адказаць Даша. – А як вы тут… Дырэктрыса не заругае? – паказала рукой на стол з алкаголем.

– Не хвалявайся, – запэўніла Юля. – У нас усё чыкі-пукі.

– Калі дзяжурыць Мікалай Міхайлавіч, – сказала Руслана, – дырэктрыса спіць спакойна і ніколі яго не правярае.

– А хто такі Мікалай Міхайлавіч? – не разумела Даша.

– О, Мікалай Міхайлавіч, – падміргнула госці Юля, – гэта Мікалай Міхайлавіч. Адным словам, лапачка.

– Бусечка, – падтрымала Аля.

– Міравы чэл, – дапоўніла Руслана.

– Наш новы рэжысёр, – больш падрабязна растлумачыла Таня. – Малады, параўнальна, жудасна разумны, але афігенна абаяльны. І так нас разумее…

– Так разумее, – падтакнула Юля, – што дазваляе некаторыя непрадугледжаныя, несанкцыянаваныя…

– Язык не зламі, – перабіла сяброўку Руслана.

– Карацей, з ім можна ўсё, – паставіла кропку Аля, – і за ім, як за мурам. Ніколі не здасць і не зробіць балюча. Проста адвал башкі.

– А хіба яшчэ ёсць такія? – не паверыла Даша.

– Трапляюцца, як бачыш, – сказала Руслана.

– Павязе ж камусьці, – дапусціла Таня.

– Галоўнае, каб на сцерву не нарваўся, – заўважыла Юля.

– Добра, давайце вып'ем, – прапанавала Аля. – Хто там за бармэна?… За смелых і сапраўдных!

Дружна выпілі.

Даша раптам пачала задыхацца. Паветра бракавала катастрафічна. Ногі падкошваліся, як саламяныя. У вачах пацямнела. Ярка ўспыхвала і згасала ў іх лямпачка. Шкляначка з віном выпала з рук, добра, што не на падлогу – не запырскала дыван, скрывавіла адно стол з некалькімі паперамі на ім. Ванітны камяк падпаўзаў да горла. Трэба было на вуліцу. Тэрмінова. Аднекуль узяліся сілы, і Даша рванула з месца, дапамагаючы рукамі, шукаючы апоры ў сценах, прэч з будынка. На лесвіцы ледзь не падвярнула нагу, няўдала спатыкнуўшыся. Скацілася б уніз кулём, калі б рукі не ўчапіліся за парэнчы. Вымушаная затрымка справакавала захраслы ў горле ком да дзеяння. Ён нястрымна падкочваў, жадаючы вызваліцца з вязніцы, як лава з вулкана. Заціснуўшы рот далонню, Даша, пахістваючыся, на амаль нягнуткіх нагах, вырвалася з Дому культуры на паветра, як дым з пячной трубы, урэзалася галавой у жывот стаяўшага на яе шляху Хвалея, які вырашыў пакурыць пасля выпітых некалькіх вялікіх глыткоў піва, учапілася, як абцугамі, у яго рукі, каб не паваліцца. Тут жа яе званітавала проста на ногі Хвалея, які абуў зусім новыя, ні разу не надзяваныя берцы.

– Белая! Тварына! – загарлапаніў Хвалей, быццам яго рэзалі, да слёз амаль ад крыўды за сябе. – Прыбярыце яе ад мяне! Ты чо творыш, пудзіла?! – ударыў дзяўчыну па руках тыльнымі бакамі далоняў і па галаве, спрабуючы пазбавіцца ад павіслай на ім, як на слупе, аднакласніцы.

– Не чапай яе! – наляцела каршуном Паўлоўская, якая паспяшалася на дапамогу сяброўцы, але не дагнала своечасова.

Прысутныя пасталі колам, назіраючы за тым, што адбывалася, але не ўмешваліся. Хтосьці зларадна пасмейваўся, хтосьці цікаўна ўзіраўся, хтосьці выкрыкваў пахабныя заўвагі.

– Адвалі ад мяне, тварына! – яшчэ раз стукнуў па галаве Хвалей Дашу, і тая адпусціла рукі, павалілася на карачкі, задыхаючыся ў ванітавых пазывах. – Заб'ю! – занёс нагу для ўдару ў жывот.

Эпізод 4

Жаданне Хвалея паквітацца за сапсаваныя абутак і калашыны цалкам зразумела. Але ж нельга біць ляжачых, тым больш дзяўчынку, значна слабейшую і пры гэтым бездапаможную. Тым не менш ніхто не спыніў Хвалея, нават не паспрабаваў, акрамя Паўлоўскай, якую Хвалей адшпурнуў ад сябе, як кацяня.

– Мікалай Міхайлавіч! – завішчала тады Таня, не то ад болю, не то ад роспачы.

І ён з'явіўся. Перахапіў занесеную нагу Хвалея, падсек апорную і, рвануўшы на сябе, адпусціў. Хвалей шмякнуўся спінай прама ў Дашыны ваніты, нічога пры гэтым не расплюхаўшы.

– Бліна! – прароў ён, адмаўляючыся верыць у тое, што адбылося. На вочы наварочваліся здрадлівыя слёзы. Тыя ж, хто, стаіўшы дыханне яшчэ некалькі імгненняў таму хварэлі за яго, зараз над ім смяяліся.

– Разышліся ўсе! – загадаў Мікалай Міхайлавіч, быццам на пляцы. І яго паслухаліся. Хтосьці вярнуўся ў танцзалу, хтосьці адышоў дапіваць пакінутае ўбаку з кампаніяй, хтосьці закурваў, павярнуўшыся спінай, некаторыя, разбіўшыся на пары, сыходзілі абменьвацца пацалункамі.

Мікалай Міхайлавіч дапамог Дашы падняцца, потым узяў на рукі, як дзіця.

– Вешайся! – стрэліў пагрозай яму ў спіну Хвалей. Ён стаяў, выціраючы куртку паперай, якую працягнула яму нейкая спагадлівая дзяўчына.

– Прабачце, вы штосьці сказалі? – азірнуўся Мікалай Міхайлавіч – высокі, шыракаплечы, крэпкі, коратка, па-вайсковаму стрыжаны малады чалавек гадоў дваццаці пяці-трыццаці, – ветліва ўсміхаючыся. Адно правае вока яго нервова торгалася, ды невялікі шнар пад ім у выглядзе птушачкі, хутчэй за ўсё ад нажа, набрыняў.

– Нічо, – буркнуў Хвалей, працягваючы выціраць куртку.

Беражліва трымаючы на руках Дашу, Мікалай Міхайлавіч хуткім крокам накіраваўся да прыбіральні, Таня патэпала следам.

– Мікалай Міхайлавіч, – казала яна па дарозе, апраўдваючыся, – гэта я ва ўсім вінаватая. Але хто ж ведаў, што так выйдзе? Мы не думалі, што на яе так падзейнічае…

– Індык таксама думаў, – адгукнуўся Мікалай Міхайлавіч. – Каб я яшчэ раз звязаўся з вамі…

– Больш такога не паўторыцца, – абяцала Таня.

– Што, больш ёй наліваць не будзеце? – з'едліва сказаў Мікалай Міхайлавіч. – Ці ў сяброўстве адмовіце, як не прайшоўшай кастынг?

– Мікалай Міхайлавіч, што вы такое кажаце? – не зразумела Таня.

– Слухай мяне сюды, – рэзка спыніўся Мікалай Міхайлавіч, абярнуўшыся да дзяўчыны, – калі хоць адна душа даведаецца пра сённяшні інцыдэнт тут ці ў школе, на мяне больш можаце не разлічваць. Прыкрываць вас я не стану, можаш не сумнявацца…

– Ды ніхто не даведаецца! – абурана ўсклікнула тая. – Хвалей заткнецца і затаіцца, выношваючы план помсты. Не ў яго інтарэсах раздзімаць з мухі слана. Усе нашы будуць маўчаць, ды і стукачаствам наша школа ніколі не славілася. А ў метадычным мы ўсё прыбярэм, не хвалюйцеся.

– Глядзі мне, – зноў закрочыў Мікалай Міхайлавіч. Таня ледзь паспявала за ім.

Расчыніўшы дзверы ў жаночую прыбіральню, Мікалай Міхайлавіч строгім позіркам выдварыў некалькіх дзяўчат з раёна, якія, седзячы з півам на шырокім падаконніку, абмяркоўвалі нейкага крутога чэла, што разабраўся на мінулых выхадных у данс-клубе «Пацейкі» з дзясяткам адмарожаных мясцовых крутавэлкаў. Няхочучы, яны саступілі памяшканне Мікалаю Міхайлавічу, недвухсэнсоўна падміргнуўшы сыходзячы.

Мікалай Міхайлавіч уключыў у кране халодную ваду, паставіў Дашу на ногі, нахіліўшы да ракавіны.

– Давай дапамагай сяброўцы! – абхапіўшы Дашу аберуч, каб тая не страціла раўнавагу, загадаў Паўлоўской памыць твар дзяўчыны.

Даша штосьці невыразнае прамукала, калі халодная вада кранулася яе вуснаў і шчок, паспрабавала супрацівіцца.

– Даша, супакойся, – ласкава прашаптала Таня, – усё добра.

Дзяўчыну зноў скруціла, яна пачала задыхацца, выдаючы гучныя ванітныя гукі, але ванітаваць больш не было чым. Яна выплёўвала страўнікавы сок.

– Дай ёй вады! – загадаў Мікалай Міхайлавіч Тані.

Тая паслухмяна набрала вады ў шклянку. Мікалай Міхайлавіч узяў шклянку з яе рук, паднёс да Дашыных вуснаў.

– Пі! – строга прамовіў.

Даша замахала рукамі, затупала ножкамі.

– Не хачу! – прадраліся словы праз сліну. – Вельмі дрэнна, – перайшла на паўшэпт і абмякла, ногі падкасіліся.

– Яна чо, таго? – спалохалася Таня.

– Не, вырубілася, – адказаў Мікалай Міхайлавіч. – Зараз спаць будзе. Крызіс мінуў.

– А чо з ёй было?

– Не піла яна, мабыць, ніколі. А вы яе, не шкадуючы, відаць, спансавалі. Атручванне ў яе алкагольнае ці алергія на спіртное.

– І чо цяпер?

– Чо-чо? – перадражніў Таню Мікалай Міхайлавіч. – Калі размаўляць навучыцеся? Спаць будзе. Толькі яе дамоў трэба неяк…

– Я зараз патэлефаную, – дастала Таня мабільны, набрала нумар Дашынай сястры. Доўгія гудкі. Яшчэ раз набрала. Тое ж самае. Трэці раз набрала. Зноў безвынікова.

– Добра, паказвай дарогу, – узяў Дашу на рукі Мікалай Міхайлавіч, накіраваўся прэч з прыбіральні.

Вартаўніку ён сказаў, што хутка вернецца. Ісці сапраўды было недалёка. Нейкіх паўтары сотні метраў.

Мікалай Міхайлавіч прыкрыў Дашу сваёй курткай ад дажджу, які, хоць і прыцішэў, але не спыніўся, на галаву сабе нацягнуў бейсболку. Таня ішла побач пад парасонікам.

Дзверы ў кватэру адчыніў Дашын тата. Мама з'ехала напярэдадні з сяброўкамі і знаёмымі, усяго каля дзесяці чалавек, на мінібусе ва Украіну гандляваць.

– Добры вечар, Сяргей Мікалаевіч, – прывіталася Таня.

– Прывітанне, – здзіўлена ўтаропіўся на нечаканых гасцей сярэдніх гадоў высокі мужык у белай футболцы і ў спартовых портках з лампасамі.

– Дазволіце? – ветліва папрасіў Мікалай Міхайлавіч прапусціць яго ў кватэру. Дашын тата збочыў.

– Налева адразу, – падказала Таня дарогу Мікалаю Міхайлавічу.

Яны разам увайшлі ў пакой. Таня разаслала пасцель, Мікалай Міхайлавіч паклаў Дашу, разуў і сцягнуў з яе «пачку». Потым накрыў коўдрай.

– Наўродзе ўсё, – сам сабе сказаў.

– Што, уласна… – дрэнна цяміў Дашын тата.

– Усё ў парадку, – усміхнуўся яму Мікалай Міхайлавіч. – Проста заснула ваша дачка. Будзіць было няёмка. Так што і вы не турбуйце яе, калі ласка. Ну, усяго добрага!

– Да пабачэння, Сяргей Мікалаевіч, – развіталася і Таня, спяшаючыся за Мікалаем Міхайлавічам.

– Да пабачэння, – прамовіў услед Дашын тата, паціскаючы плячыма.

Выйшаўшы з пад'езда, Мікалай Міхайлавіч спыніўся, памацаў па кішэнях, дастаў цыгарэту, закурыў.

– Далёка не хавайце! – адважнай хадой прадэфіляваў Хвалей блізка ад Мікалая Міхайлавіча і дзяўчыны. А непадалёк паўколам пасталі сямёра дзецюкоў, значна старэйшых за Хвалея, з яго двара.

– Курыць шкодна, – заўважыў Мікалай Міхайлавіч.

– Шкодна не курыць, – парыраваў Хвалей.

– Яно і відаць, – усміхнуўся Мікалай Міхайлавіч.

– Хвалей, ты чо? Ачмурэў? – Гэта Таня.

– Затухні, аўца! – прамовіў Хвалей.

– Імбецыл! – выдала Таня, прадбачліва схаваўшыся за спіну Мікалая Міхайлавіча.

– Выбачся! – ветліва папрасіў Мікалай Міхайлавіч Хвалея.

– Чуеш, дзядзька, – падышлі астатнія, але казаў адзін. У святле вулічнага ліхтара Мікалай Міхайлавіч добра разгледзеў падонкаватую фізіяномію чалавека, які, хутчэй за ўсё, нядаўна вызваліўся. – Не табе вучыць манерам нашых хлапцоў.

– А ці табе? – усміхаўся Мікалай Міхайлавіч.

– А чо, я за настаўніка не сыду? – заіржаў той, і ўсе заіржалі.

Мікалай Міхайлавіч не стаў чакаць, пакуль на яго нападуць. Ён ударыў першым. Закон нечаканасці заўсёды спрацоўвае. Хвалей атрымаў не балюча, але непрыемна. Астатнія разляталіся ад шалёных, хуткіх і ўдалых кулакоў Мікалая Міхайлавіча, як кеглі. Не падставіўся пад іх толькі былы вязень. Ножыкам пачаў палохаць.

– Паслухай, шаноўны, – сказаў яму Мікалай Міхайлавіч, – я не хачу цябе калечыць. Давай разыдземся мірам. Твой хлапец сам вінаваты, біў па галаве дзяўчынку, хацеў пацэліць нагой у жывот. Правільна гэта, як па-твойму?

– Не, – скрыгочучы зубамі, падумаўшы, адказаў той.

– Ну так мы пойдзем? – узяў за руку Мікалай Міхайлавіч Таню, якая з жахам і захапленнем адначасова назірала за ўсім, забыўшыся нават парасонік адкрыць.

– Валі, – гэтак жа працадзіў падонкаватага выгляду малады чалавек, сплюнуўшы пад ногі.

Упэўнена чаканячы крок, Мікалай Міхайлавіч накіраваўся да Дома культуры.

– Ваша куртка, Мікалай Міхайлавіч, – працягнула яму дзяўчына куртку, пра якую ён забыўся, і забыўся б яе ў Белых дома, калі б не Таня.

А дыскатэка заканчвалася, заставалася зусім крыху – і аб’явяць апошнюю павольную кампазіцыю.

Таня забегла на другі паверх, дзе яе сяброўкі ўжо ўсё дапілі і даелі і прымаліся за ўборку.

– Ну чо там Белая? – пацікавілася Аля.

– Абрыгалася ўся, – сумна адказала Таня. – Мы яе з Мікалаем Міхайлавічам дадому праводзілі. – Потым вочы Таніны ўспыхнулі, як зоркі. – Але вы б бачылі, як Мікалай Міхайлавіч махаецца!..

– А што здарылася? – былі заінтрыгаваны дзяўчаты.

Не прапускаючы ніводнай дэталі, часам выдумляючы, Таня распавяла пра сутычку, а слухачкі слухалі яе, нібы вучні на цікавым для іх уроку, перапытваючы, дзе незразумела.

Эпізод 5

Даша праспала ўсю ноч і паўдня, раз-пораз выкрыкваючы нешта ў сне. Магчыма, змянялася як чалавек. Так бывае, засынае адзін чалавек, а прачынаецца зусім іншы. Абсалютна непазнавальны, хоць з ранейшым тварам, з ранейшымі рукамі і нагамі. Хто ведае, што ёй снілася? Вера, наадварот, амаль не спала, праседзела ўсю ноч каля Дашынага ложка ў крэсле. Паўлоўская ўсё ж датэлефанавалася і сцісла распавяла пра здарэнне з Дашай. Спачатку Вера не надала ўвагі. З кім не здараецца напіцца? Яна выдатна памятала сваю першую сустрэчу з алкаголем, якая скончылася абдымашкамі з унітазам, думала ніколі больш нават не прыгубіць спіртнога. Але ўсё неяк хутка прайшло, не пакінуўшы ніякага следу, проста не напівалася больш. У студэнцкім жыцці без застолляў ніяк, ды і з хлопцамі на цвярозую галаву праблематычна штосьці наладзіць. Таму Вера, вярнуўшыся дамоў і пераканаўшыся, што Дашка спіць, таксама лягла. Забралася на верхнюю паліцу і салодка засапла ў абдымках адчуванняў, атрыманых у машыне з Цімурам. А Дашка сярод ночы як загарлапаніць штосьці з вакальнай жаночай партыі гурта «Слот»! Вера ледзь лоб не пабіла аб столь, вырываючыся ад сну. Спусцілася, паглядзела на Дашку. Наўродзе звычайна ўсё. Пасопвала сабе тая ў глыбокім сне, лежачы правай шчакой на падушцы. Схадзіла на кухню, папіла вадзічкі, праверыла, як татка. Таго не было. Успомніла, што яму ў начную. Ён рабіў вартаўніком на масласырзаводе. Вярнулася ў пакой. Толькі хацела прылегчы, як Дашка зноў загарлапаніла штосьці «Слотаўскае», перавярнуўшыся на спіну і размахваючы рукамі, нібы ў трызненні. Сяк-так супакоіўшы малую, змочваючы ёй скроні халоднай вадой, Вера вырашыла, што лепш панаглядаць, а то яшчэ паб'ецца Дашка аб верхні ложак у незразумелым прыпадку. Так і праседзела ноч да раніцы, як сядзелка ля цяжкахворага.

Потым прыйшоў бацька. Вера прыгатавала яму яечню.

– Што з Дашай? – спытаў ён у старэйшай дачкі.

– А што? – хаваючы вочы, адчуваючы віну за Дашкін стан, адгукнулася Вера.

– Яе прынёс нейкі мужык на руках у суправаджэнні Тані Паўлоўскай, – адказаў Сяргей Мікалаевіч, сядаючы за стол.

– Я ведаю, мне Таня тэлефанавала, – сказала Вера.

– Напілася, ці што? – здагадаўся Сяргей Мікалаевіч.

– Ды не, тата, пэўна, дрэнна стала, – павярнуўшыся спінай і робячы выгляд, што мые патэльню ў ракавіне, адказала Вера.

– Дапусцім, – зрабіў выгляд, што паверыў, Сяргей Мікалаевіч. – А з абліччам яе што? – спытаў.

– А што? – Вера зрабіла выгляд, што не зразумела.

– Ты мне не штокай, – жаваў Сяргей Мікалаевіч, – я пытанне задаў.

– Тат, у нас, у дзяўчынак, – паспрабавала растлумачыць дачка, – зусім іншае паняцце пра прыгажосць, чым у вас, мужчын. Даша эксперэментуе. У яе ўзросце гэта нармальна.

– І ванітаваць ва ўсіх навідавоку – таксама нармальна? – з'яхіднічаў Сяргей Мікалаевіч. – Вушы вянуць, як пра вас мне пачынаюць вымаўляць. Не ведаеш, куды ад сораму дзецца.

– А ты пабольш слухай, – заявіла Вера.

– Добра, – даядаючы, прамовіў Сяргей Мікалаевіч, – вернецца маці, разбярэцца з Дашкай. З табой ужо бескарысна. Я спаць.

І так заўсёды. Бацька ніколі не ўнікаў і не спрабаваў углыбіцца ў праблемы ўласных дзяцей. Імі займалася мама. Ён наогул быў шчаслівы, калі яго ніхто не чапаў і не турбаваў, уткнуўшыся ў тэлевізар, па якім глядзеў фільмы з DVD-дыскаў. Жыццё на экране хвалявала яго больш, чым сям'я. Для прыстойнасці скажа пару павучальных слоў, пачуўшы пра дочак што-небудзь на вуліцы ці на працы, і ўсё. Эгаіст, адным словам. Навошта тады жаніцца было, дзяцей заводзіць? Ім жа, апроч матэрыяльнай дапамогі, патрэбна і маральная падтрымка блізкіх людзей. А так атрымлівалася, што татка проста адкупліваўся грашыма, абы яго пакінулі ў спакоі. Ды ну яго, гарбатага магіла выправіць. Пайшоў спаць, хай спіць. Менш лаянкі будзе, калі Дашка ўстане. Дашка любіла лаяцца з бацькам, каб разварушыць яго неяк, часам у яе атрымлівалася, ён рабіўся вясёлым і радасным, хадзіў з ёй куды-небудзь, песціў, ганарыўся статусам бацькі, але часцей замыкаўся ад усіх, як у камеру, нікога ні бачыць, ні чуць не жадаў. З мамай усё часцей сварыўся. Без нагоды. Проста так. Яны нават спаць разам перасталі. Татка зараз пад тэлевізарам абярложыўся.

– Вера! – пачула раптам Вера Дашкін голас. – Вер!..

Старэйшая сястра паспяшалася да малодшай.

Даша пачувалася пагана, але цярпіма, толькі ў горле перасохла і дужа хацелася піць. Вера наліла ёй расолу. Даша выпіла поўную шклянку.

– Дзякуй, – аддала пустую.

– Ты як? – пацікавілася Вера, ветла ўсміхаючыся.

– Жэсць, – вымучана ўсміхнулася Даша ў адказ.

– Чаго напілася так?

– Ды сама не ведаю. Але так добра спачатку было. А потым так дрэнна…

– Гэта непазбежна пры неабмежаваным ужыванні, – вучыла старэйшая сястра.

– І чо зараз рабіць? – прасіла Даша рады.

– Ну, калі сорамна за ўчорашняе, – прамовіла Вера, – значыць, «свята» атрымалася. Ты хоць памятаеш, што нарабіла?

– Месцамі, – адказала Даша.

– Спытаеш у Тані Паўлоўскай, – падказала Вера, – яна ў падрабязнасцях распавядзе.

– Ды ўжо ж, – уздыхнула Даша. – А ты як пагуляла? – спытала.

– Афігенна! – зарумянілася Вера.

– Добра табе.

– Не зайздросць. Не за гарамі і да цябе гэта прыйдзе.

– Хутчэй бы.

– Добра, давай дуй у душ, – прапанавала Вера, – а то ты на мурзатага чарцяня падобная…

– Вер, ты калі з'яжджаеш? – перабіла сястру Даша.

– Заўтра. Мяне Цімур адвязе. А што?

– Пафарбуеш мяне яшчэ раз? – папрасіла Даша. – А далей я сама.

– Ты сур'ёзна?!

– Гэта маё, Вер, я адчуваю.

Даша вылезла з-пад коўдры і зашлёпала босымі нагамі ў ванны пакой.

Дзея другая

Эпізод 6

Школу чакаў сюрпрыз. Зрэшты, сюрпрызы школа атрымлівала кожны дзень. Наўрад ці яшчэ адзін штосьці б змяніў у яе творчай біяграфіі. Нагледзелася за некалькі дзясяткаў гадоў існавання. Але дзеці ёсць дзеці – вялікія фантазёры і выдумшчыкі. Куды там да іх дарослым, чыё ўяўленне, на жаль, прымітыўнае. У каго яно не затупілася, як аловак, тыя сталі пісьменнікамі або мастакамі, творчымі людзьмі.

А пакуль дзеці застаюцца дзецьмі – дарослыя, як на вулкане. І іх, дарослых, вельмі раздражняюць няўрымслівасць і неардынарныя паводзіны дзяцей, што вядуць да непаразумення і непрыняцця як асобы. У дарослых усё проста. Павінна быць так, як яны вырашылі ці сказалі, і ніяк інакш. Пакуль дзіця несамастойнае, пакуль ім займаюцца адмысловыя сацыяльныя інстытуты, то бок бацькі, дзіцячы сад, школа, прафтэхвучэльня, і думаць не мажы пра праяву якіх-небудзь асобасных якасцяў. Дарослы чалавек, асабліва настаўнік, заўсёды лепш за дзіця ведае, што таму патрэбна, нават калі не мае рацыі ў гэтым веданні. Дзіця абавязана быць кірованым, быццам яно таксі якое. У адваротным выпадку заяўляецца, што дзіця псіхічна ненармальна і яго неабходна ізаляваць ад астатніх дзяцей, пакуль тыя не заразіліся той жа хваробай, як вірусам. Ох, як баяцца дарослыя незразумелага, не жадаюць углыбіцца ў праблему і разабрацца. А патрэбна – усяго нічога. Уважліва паставіцца да захаплення дзіця, удумліва, часам і для сябе чаго-небудзь запазычыць. Дык не. Дарослыя лепш усё ведаюць, таму што яны больш пражылі. Іх жыццёвы досвед значна багацейшы. А тое, што эвалюцыя не стаіць на месцы, – не хвалюе. Безумоўна, не ўсе дзеці развіты аднолькава, зрэшты, як і дарослыя, але часцей за ўсё і тых, і другіх імкнуцца пазачэсваць пад адзін грабянец. Аднак праблема бацькоў і дзяцей менавіта ў адмаўленні дзіцячага свету як роўнага даросламу. Толькі таму адбываецца большасць катастроф і драм.

Даша не жадала быць, як усе. І разам з усімі дэградаваць. Выказаць пратэст супраць асераднення школьнага выхавання яна магла толькі пры дапамозе самавыяўлення. Выпадковае знаёмства з адной дзяўчынкай у сацсетцы падштурхнула яе набраць у пошукавіку слова «эма», каб болей даведацца пра модную субкультуру. І ёй спадабалася. Не ўсё, вядома. Але вобраз – самае тое. Магчыма, яе бунтарства палічуць беспадстаўным. Настаўнікі і ўсе астатнія дарослыя ў мястэчку зломяць галаву над вырашэннем пытання: чаму? У нас жа ўсё так спакойна і стабільна. Вучыся, займайся свабодна, але ў прыстойным выглядзе… Сябе Даша разумела. І калі ні да каго не дойдзе яе спроба разбурэння стэрэатыпаў, што ж, спачатку ўсё прасунутае і цікавае ўспрымалася ў штыкі.

Вера падтрымала Дашу, родны ж чалавечак. Ды і што такога крамольнага ў чорна-ружовых тонах? Лепш быць эма, чым скінхэдам ці панкам, ці гопнікам. Яны хоць не б'юць нікога, проста эмоцый не стрымліваюць, плачуць, калі хочацца плакаць, смяюцца, калі хочацца смяяцца, пры гэтым нікога не крыўдзяць і не крывадушнічаюць. Ну а макіяж – узроставае, пройдзе.

Яна нафарбавала Дашу яшчэ лепш, чым у першы раз. І вусны чорнай памадай намазюкала, алоўкам абвяла, каб выразнейшымі былі. Заплечнік Даша памяняла на касматую торбу, кшталту паштовай, паклала некалькі падручнікаў і сшыткаў туды. Да школы яе падвезлі на машыне, хоць ісці – пяць хвілін. Цімур вырашыў, што ад школы зручнейшы выезд на трасу.

Потым сёстры абняліся на развітанне. Цалавацца не сталі, каб не запэцкаць адна адну памадай. Вера абяцала прывесці ў наступны прыезд яшчэ абновак па тэме.

Дажджу з раніцы не было. Ноч яго спажыла цалкам, размазала па асфальце, пакінуўшы адно лужыны.

У двары, ля самых варот, дагнала Паўлоўская.

– Прывітанне, – усміхнулася.

– Прывітанне, – патупіўшы вочы, адказала Даша і засаромелася. Яна ж памятала, хоць і не ўсё.

– Ты чаго, за суботу перажываеш? – здагадалася Таня. – Забудзься і разатры.

– Праўда, ці што? – падняла вочы на сяброўку Даша.

– Вядома, – кіўнула Таня. – Клёвы прыкід, – зацаніла. – Крута!

– Тань, а хто гэты мужык, ну, які нёс мяне?… – вырашыла спытаць Даша, каб ведаць: раптам перасячэцца калі-небудзь з ім, а памятала толькі нос яго шырокі і такія ж скулы гладкапаголеныя, ды вочы зялёныя і ўважлівыя.

– А ты чо, не памятаеш? – не паверыла Таня.

– Памятаю, – няўпэўнена адказала Даша. – Але не да канца, – дадала.

– Гэта наш Мікалай Міхайлавіч, – з гонарам прамовіла Таня.

– Той, пра якога вы казалі?

– Ён самы, – ахвотна пацвердзіла Таня. – Але ты не ведаеш самага цікавага, – па-змоўніцку падміргнула. – Мікалай Міхайлавіч потым такі клас самаабароны паказаў. Хвалей наш нейкіх вырадкаў мясцовых сабраў, і яны прасачылі за намі, калі мы цябе дахаты неслі, дакладней, Мікалай Міхайлавіч нёс, а я дарогу паказвала, таму што да сяструхі тваёй не маглі датэлефанавацца. Дык вось, калі мы выйшлі з пад'езда, яны напалі на нас, прыкінь!..

– Ты чо?! – здзівілася Даша.

– Ды Ван Дам адпачывае! – захоплена выклікнула Таня. – Мікалай Міхайлавіч іх як цуцыкаў раскідаў, – працягвала. – І ўсё так хутка, прыкінь, я нават спалохацца не паспела. А адзін з нажом на Мікалая Міхайлавіча кінуўся…

– І чо?

– Ты б бачыла! – захаплялася ўспамінам і перажытымі адчуваннямі дзяўчына. – Ад аднаго позірку Мікалая Міхайлавіча той мярзотнік нож выпусціў і прасіў прабачэння, як малалетка. А Мікалай Міхайлавіч узяў мяне за руку, сказаў «да спаткання», і мы пайшлі ў Дом культуры.

– Чо ты тут сачыняеш, Паўлоўская! – дзяўчат дагналі Хвалей з Кастальцавым.

– Сачыняюць бабы на кірмашы! – адказала Таня.

– А ты, чо, не баба? – заіржаў Хвалей.

– Яна дзяўчынка яшчэ, – умяшаўся Кастальцаў. – Улаўліваеш розніцу?

– Белая, – пхнуў Дашу ў спіну Хвалей так, што тая ледзь не павалілася, – калі куртку прыйдзеш мыць?

Даша развярнулася і засандаліла яму паміж ног сваёй паласатай чорна-ружовай ножкай у красоўцы, той і войкнуць не паспеў.

– Сам памыеш! – працадзіла і пайшла далей.

Перасільваючы боль, Хвалей выкінуў нагу ў бок дзяўчыны, але прамахнуўся.

– Стой! – выгукнуў ён – Зараз вылізваць будзеш!

– Ату яе! Ату! – зацюгакаў Кастальцаў.

– Даша, бяжы! – пракрычала Таня сяброўцы.

І Даша пабегла, Хвалей – за ёй.

Дзяўчына абмінула Колю Пінокіа і ўзбегла па прыступках на школьны ганак.

Хвалей расцягнуўся на тых на прыступках.

Пінокіа падставіў яму падножку і адразу сціснуўся ўвесь ад нечаканасці, здзіўлены сваёю смеласцю, застыў на месцы.

Хвалей моўчкі падняўся і моўчкі з размаху заехаў Пінокіа кулаком у сківіцу. З рота небаракі пырснула кроў, а сам ён паваліўся на зямлю, як падкошаны. Акуляры яго зляцелі, і Хвалей дэманстратыўна раздушыў іх чаравікамі.

– Хвалей, ты чо, хворы?! – гэта Таня, яна схілілася над Пінокіа.

– Наша Таня гучна плача… – парадыруючы спявачку Таццяну Буланаву, зацягнуў Кастальцаў. – Ганаруся табой, о бясстрашны ваяр… – з іроніяй сказаў Хвалею, пляснуўшы таго па плячы.

– А чо ён, – сплюнуў Хвалей, – лезе?

– Добра, хадзем, – падпіхнуў Хвалея Кастальцаў да школьных дзвярэй, – зараз званок ужо празвініць. Белая, не развітваемся, – усміхнуўся Дашы, якая стаяла каля дзвярэй.

– Чо стала! – зыркнуў Хвалей на Дашу. – Давай ці туды, ці сюды.

Даша нічога не адказала, збочыла і спусцілася да сяброўкі, якая прыводзіла ў пачуццё Пінокіа.

Празвінеў званок.

Эпізод 7

Учынак Пінокіа ўразіў Дашу. Яна ўбачыла ў ім зусім іншага чалавека, не таго, якога ўсе ведалі, як батана і рахіта, а вельмі адважнага і па-свойму рашучага юнака, нават, у нейкім сэнсе, высакароднага. Бо заступіўся за дзяўчыну. Нязграбна і па-дзіцячаму, але заступіўся. Не спалохаўся, як звычайна, хоць і шуснуў у плечы, але не пабег, як заўсёды. Увогуле перавёў стрэлкі на сябе. Хутчэй за ўсё менавіта такія, як Коля, ціхія і незаўважныя ў жыцці, здзяйснялі геройскія подзвігі на вайне. А падобныя да Хвалея пераходзілі ад страху на бок ворага і стралялі па сваіх.

– Як ён? – спытала Даша сяброўку, якая сядзела на кукішках, падняўшы галаву Пінокіа, і выцірала насоўкай яго кроў, што выцякала з пабітага рота.

– Ды не ачомваецца, катурхай не катурхай, – адказала Таня.

– Пэўна трэба папляскаць па шчоках, – прапанавала Даша.

– Ну папляскай, а я баюся, – адмовілася Таня. – Яшчэ невядома, што там у яго ў роце. Можа, толькі горш будзе.

– Горш ужо не будзе, – апусцілася на кукішкі і Даша, злёгку стукнула пацярпелага па правай шчацэ. Той неяк жаласна, як шчанятка, застагнаў. Даша заціснула тады яго нос рукой.

– Ты чо робіш? Ён жа задыхнецца! – стукнула Таня па Дашынай руцэ.

– Ачуняе, наадварот, – запярэчыла тая, – ад недахопу кіслароду.

Пінокіа закашляўся, яго рукі пацягнуліся да Дашынай рукі, што замінала яму дыхаць. Вочы расплюшчыліся.

Адкашліваючыся, выплёўваючы згусткі крыві і абломкі зламанага зуба, з дапамогай дзяўчат, Пінокіа падняўся на ногі.

– Табе ў медпункт трэба, – параіла яму Таня. – Калі хочаш, мы цябе праводзім, усё адно на ўрок спазніліся.

– Не трэба, дзякуй, – усё яшчэ кашляючы, адказаў Коля.

– Чо не трэба? – настойвала Таня.

– У медпункт не трэба, – растлумачыў юнак.

– Але кроў трэба неяк спыніць…

– Сама спыніцца.

– Не сама, – заявіла Даша. – Пойдзем спачатку памыешся, а потым пракладкай заціснеш. Толькі капюшон на вочы нацягні, каб не свяціцца.

Утрох яны ўвайшлі ў школу. Прывіталіся з дзядзькам Пецем, які трымаў вахту з нязменнымі крыжаванкамі на стале.

– Званок для каго празвінеў? – палічыў абавязкам зрабіць заўвагу вучням дзядзька Пеця для падтрымкі ўласнай значнасці.

– Для настаўніка, – адгукнулася Таня.

– Груба, – вымавіў дзядзька Пеця і дадаў: – Але вымушаны пагадзіцца, што дакладна.

– А то, – падтрымала сяброўку Даша. Яна своечасова падхапіла Пінокіа, які раптам захістаўся, кіруючы да кута калідора на лесвіцу. Пінокіа, робячы няўпэўненыя крокі, ледзь не паваліўся сякеркай. Падстаўленае Дашына плячо выратавала яго ад магчымага пабітага носа. Аднак Дашы зусім не падабалася цягнуць на сабе не такога ўжо і лёгкага, як здавалася на першы погляд, заступніка.

– Блін, Пінокіа, – асела яна, – ты хоць дапамагай мне мала-мала, варушы поршнямі.

– Прабач, Даша, – прашаптаў Пінокіа, – галава закружылася.

– А жопа ў цябе не закружылася? – вырвалася ў дзяўчыны.

Таня падставіла сваё плячо. Ужо не так цяжка. Удваіх яны давалаклі Колю да жаночай прыбіральні на друхім паверсе. Далей цягнуць не было сіл.

– Давай заходзь, – адчыніла дзверы Таня. – Тут цябе ніхто не патурбуе.

– Ды не ламіся ты, – падпіхнула аднакласніка Даша. – Упіраецца яшчэ. – Увайшла следам за ім.

Таня адчыніла фортку, узлезла на падаконнік, Даша прысуседзілася побач. Пінокіа плёскаўся ў ракавіне. Таня закурыла. Даша папрасіла ў яе цыгарэту.

– А не самлееш? – перасцерагла тая сяброўку, нагадаўшы суботні інцыдэнт. – Важдайся потым з двума інвалідамі.

– Не жміся, – параіла Даша. – Горш не будзе.

– Ды мне не шкада, – працягнула Таня цыгарэту і запальнічку. – Калі чо, – папярэдзіла, – не ный потым.

– Блін, во мужык пайшоў! – закурыўшы і паціраючы плячо, сказала Даша. – Хліпкі, няўстойлівы.

– Не скажы, – паспяшалася запярэчыць сяброўка. – Мікалай Міхайлавіч цябе ўсю дарогу на руках нёс.

– Толькі я гэтага не памятаю, – уздыхнула Даша.

– Затое памятаю я, – запэўніла Таня. – Павер, гэта было.

Даша дастала з торбы пачак пракладак, вынула з пачака адну, працягнула Пінокіа.

– Разламі яе як-небудзь і ў рот зафігач, – сказала. – І не крывіся, кроў спыніш. І, – быццам нешта ўспомніўшы, дадала: – дзякуй табе.

– Завошта дзякуй? – спытаў Пінокіа, прымаючы пракладку.

– Слухай, не рабі з мяне ідыётку. І не прымушай усумніцца ў табе, а то я падумаю, што памылілася, – адказала Даша.

– Праехалі, – скончыў спрэчкі Пінокіа.

– Чо рабіць будзем? – дакурыўшы, спытала Таня ў прысутных.

– А чо рабіць? – паціснула плячыма Даша.

– Ну не ў сарціры ж сядзець, засмуродзімся, – заўважыла Таня.

Раптам адчыніліся дзверы і ў прыбіральню зайшла Марыя Пятроўна.

– Не зразумела?! – утаропілася яна на Пінокіа, які стаяў пасярод памяшкання з разарванай пракладкай у руцэ, і на дзяўчат ля акна, якія, хоць ужо і пакурылі, але дым да канца не выветрыўся, але больш на Пінокіа. – Што тут за пасядзелкі? Чаму не на ўроку? Што ты наогул робіш у жаночай прыбіральні? – накінулася яна на Колю.

– Не крычыце на яго, – уступілася за юнака Даша. – Ён ахвяра абставін.

– Гэта хто там такі разумны? – перакінуўся позірк Марыі Пятроўны, маленькай, кругленькай, як піражок, але звонкай жанчыны. – Белая, ты? Што за карнавал? Зараз жа змыць! Ты ў школу прыйшла ці куды? Будзь ласкава адпавядаць!

– А я адпавядаю, – сказала Даша. – Самой сабе.

– Так, – стрымліваючы гнеў, але раз'юшана раздзімаючы ноздры, прамовіла Марыя Пятроўна, – тут не месца і не час для спрэчак. Жыва ўсе трое выйшлі прэч адгэтуль, і каб я вас праз дзве хвіліны бачыла ў кабінеце рускай мовы і літаратуры!

– У нас хімія па раскладзе, – успомніла Таня.

– Я бачу, Таня, – заўважыла Марыя Пятроўна, – не сляпая, што ў вас хімія. Марш у клас! – раўнула так, што шкло ў вокнах задрыжала.

– У які? – удакладніў Пінокіа.

– Коля, не тупі, калі ласка.

– Выходзь, Пінокіа, – Таня падпіхнула аднакласніка да дзвярэй і шэптам дадала: – А то класуха пі-пі ў трусы наробіць.

– Зразумеў, – кіўнуў той, і аднакласнікі выбеглі ў калідор.

Кабінет рускай мовы і літаратуры, куды адправіла іх Марыя Пятроўна, быў пусты. Класуха рыхтавалася да свайго ўроку, другому па раскладзе. Яна магла б наогул не прыходзіць з самай раніцы. Аднак, мабыць, дома часу на праверку сшыткаў з сачыненнямі падапечнага класа бракавала. Таня першаю заўважыла сшыткі на стале, адзін разгорнуты.

– Зазірнём? – прапанавала Дашы і Пінокіа.

– Атас! – спыніў яе Коля, пачуўшы крокі, якія набліжаліся за дзвярыма.

– Хутка яна, – прамовіла Даша, сядаючы за першую парту ад акна. З ёю побач села Паўлоўская. Пінокіа заняў парту за імі.

– Гэта не яна хутка, – прагаварыла Таня, – а мы марудна.

Вучні дружна ўсталі, калі Марыя Пятроўна зайшла ў кабінет. Селі, калі настаўніца сесці дазволіла.

– Што з тварам, Кот? – гэта яна Пінокіа. Кот – яго прозвішча. Шчака ў хлопца раздулася, але, хутчэй за ўсё, ад пракладкі, няўмела ўсунутай у рот. На шчацэ следу ад Хвалеева кулака не застанецца, зачэпленая губа будзе некаторы час гаіцца, але там таксама амаль непрыкметна.

– Упаў, – падняўся Пінокіа. – Спатыкнуўся і ўпаў, – дадаў.

– Каго выгароджваеш, Коля? – не паверыла Марыя Пятроўна.

– Хіба я ўпасці не магу? – задаў Пінокіа пытанне настаўніцы.

– Чаму ж, можаш, – пагадзілася Марыя Пятроўна. – Аб чый кулак спатыкнуўся? – раптам стрэліла словамі ў лоб. Коля аж разгубіўся.

– Чаго вы яго зневажаеце? – зноў уступілася за юнака Даша з месца. – Ён, можа, як рыцар паступіў? Ці вы думаеце, што кволыя акулярыкі не здольныя на рашучыя дзеянні? Патураеце розным Хвалеям… у якіх… адна звіліна ў мазгу, і тая крывая.

– Белая, не трэба нервавацца, – асекла дзяўчыну Марыя Пятроўна. – З табой што? Паглядзі на сябе. На смерць падобная з фільмаў жахаў. Як цябе бацькі з дому выпусцілі ў такім выглядзе?

– Прывыкайце, – заявіла Даша. – Цяпер смерць будзе прыходзіць у школу кожны дзень, акрамя выходных.

– Што ты нясеш, Белая? – фальшыва ўсміхнулася Марыя Пятроўна, хібна прыняўшы вучаніцу за псіхічна-нездаровую, магчыма, часова. Трэба пачакаць да заўтра, а затым рабіць канчатковыя і рашучыя высновы. – Так, – рашылася на нейкія меры, – мне надакучыў гэты балаган. Вас хто-небудзь бачыў з настаўнікаў? – спытала.

– Дзядзька Пеця бачыў, – адказала Таня.

– Ну, дзядзька Пеця не ўлічваецца, – адмахнулася Марыя Пятроўна. – Вось што, ідзіце-ка вы па хатах. Я вас адпускаю. Заўтра спадзяюся ўбачыць вас ранейшымі і здаровымі.

Дзяцей як вецер знёс. Калі такое было, каб Марыя Пятроўна кагосьці адпускала з урокаў?! Яны не марудзілі ні секунды. Раптам раздумаецца. Да таго ж з урокаў па панядзелках – адно фуфло. Фізра, хімія, русліт, алгебра, фізіка, факультатыў па фізіцы.

Але што рабіць? Куды падацца? Такая рань яшчэ. Да Паўлоўской не сунешся: там бабуля – зацятая кансерва. Яна нават музыку, якая ўнучцы падабалася, не дазваляла слухаць, абзывала яе, гэта значыць музыку, казліным бляяннем і какафанічным вэрхалам. А яшчэ паздзірала постары з Мэрлінам Мэнсанам, Ларсам Ульрыхам і Цоем са сцен над Таніным ложкам. Сказала, што рана ёй на мужыкоў заглядацца, ды яшчэ замежных, ды яшчэ страшных такіх. Вось павесіла б партрэты Талкуновай, Ганны Герман, Марыны Капура, Лешчанкі, Ратару. І песні ў іх выкананні б слухала, а не бязглуздзіцу варожую. Для яе ўсё замежнае і ўсе замежнікі – ворагі. Асабліва немцы. Ну гэта зразумела. Аднак яна адмаўляла і ўсе астатнія нацыі, акрамя рускай. Па тэлевізары глядзела толькі расійскія серыялы і толькі расійскія навіны, беларускія навіны на рускай мове. Прэзідэнта Беларусі падтрымлівала і галасавала за яго заўсёды. З-за прэзідэнта гэтага яна пасварылася з роднай дачкой. Ну а тая, абраўшы шлях апазіцыянеркі да існуючай улады, збагрыла матулі сваю дачку і знікла ў невядомым кірунку. Можа, яе і ў жывых даўно не было, а можа, жыла дзе-небудзь у Амерыцы. Так, Таніна бабуля не ўзрадуецца ўнучкіным гасцям. Ды і як бы яе ўдар не хапіў пры выглядзе Дашы. Адпадае.

Дашын тата дома, па-любасу. І хоць ён не перашкода, Даша сказала, што да яе нельга. Не хацела яна ісці дадому.

Заставаўся Пінокіа – адзіны сын бацькоў-інтэлігентаў. Яго мама працавала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі, а тата – вядучым фотакарэспандэнтам у раёнцы. Натуральна, дома іх не было. А Колю ўсё адно трэба было дамоў. Без акуляраў ён бачыў, але слаба, і пачуваўся не ў сваёй талерцы. Усё расплывалася і здавалася несапраўдным. Ён нават сам сабе здаваўся несапраўдным, калі глядзеўся ў люстэрка. Растапырка нейкі, а не Коля Кот.

– Ну чо, Мікалай, – узяла Таня яго за локаць, – запросіш прыгожых і самотных дзяўчын на агеньчык?…

– Хадзем, вядома, – узрадаваўся Пінокіа, заўсміхаўся.

– Ды выкінь ты ўжо гэтыя свае тампоны! – параіла Даша. – Кроў ужо даўно спынілася.

Дом, у якім жыў Пінокіа, стаяў на вуліцы паралельна вуліцы, на якой стаяў дом, дзе жыла Даша, толькі справа. Спачатку ішло паштовае аддзяленне, потым невялікі кірмашык, галоўным чынам тэхнічных тавараў і аўтазапчастак, потым дом Пінокіа, з паліклінікай на першым паверсе, далей – рэдакцыя раёнкі, паркавая зона, за ёй грыбамі прыватныя двары.

Коліна сям'я жыла на пятым паверсе ў трохпакаёвай кватэры. Пакой Пінокіа адрозніваўся абшарам і святлом, мноствам кніг, DVD-дыскаў, велізарнай калекцыяй цацачных салдацікаў за шклом сцянной шафы. Вялікі шырокі ложак стаяў каля акна.

– Табе не шмат аднаму тут? – адразу бухнулася Таня на ложак.

– Нармальна, – адгукнуўся Пінокіа.

– Трахадром прам, – працягвала захапляцца ложкам Таня. – Мне б такі, а то бабуля вылучыла старую канапу з вылезлымі спружынамі. І матрац не дапамагае.

– А ў цябе багаты досвед? – спытаў Пінокіа.

– Багацейшы за твой, – летуценна падняла Таня вочкі да столі, пазяхнула салодка і млява. – На такім ложку і спаць адразу захацелася.

– Так паспі, – сказаў Пінокіа. – Усё адно рабіць няма чаго.

– А прыставаць не будзеш? – усміхнулася Таня.

– Не будзе, – адарвалася ад кніг Даша. Яна ўважліва разглядала карэньчыкі кніг на кніжных паліцах, самі кнігі не даставала, дзівячыся падбору, расстаноўцы, як акуратна гэта ўсё зроблена. – Выхаванне не дазволіць, праўда, Коля?

Даша таксама расцягнулася на ложку. Пінокіа паціснуў плячыма.

– А чо ён рабіць будзе, – спытала Таня Дашу, – калі мы зараз заснём удваіх?

– Не ведаю, – адказала Даша. – А табе не ўсё адно?

– Ну як, – здзіўлялася Таня, – мы прыйшлі ў госці і занялі гаспадарскі ложак. А раптам ён таемны маньяк. Вычакае зручны момант і як накінецца на нас…

– Хто, Пінокіа? – засмяялася Даша і доўга не магла спыніць дурны смех, заразіўшы ім і сяброўку.

– А чо ржом? – на секунду спыніўшы прыступ смеху, сур'ёзна спытала Таня. Яе выраз твару яшчэ больш рассмяшыў Дашу. Яна смяялася, не перастаючы, некалькі хвілін. Ад яе не адставала і Таня. Потым смех знік, гэтак жа раптоўна, як і пачаўся. Дзяўчыны прыцішэлі, вочкі іх заплюшчыліся самі па сабе.

Пінокіа хацеў паказаць ім калекцыю паштовых марак, татаў гонар, гэта ён збіраў маркі, але, пакуль шукаў альбом з маркамі, а да гэтага анальгін, таму што зламаны зуб разбалеўся, а яшчэ раней акуляры, спазніўся, аднакласніцы заснулі. Іх змарыла сонца, якое ўпарта лезла ў акно, а ложак скраў у сон. Ды і не патрэбныя ім гэтыя маркі.

Эпізод 8

Ці думаў калі-небудзь Пінокіа, што Даша Белая апынецца ў яго пакоі, ды не адна, а з Таняй Паўлоўскай? Ці марыў пра такіх госцяў? Так, марыў. Даўно хацеў запрасіць Дашу, не да сябе, а хоць бы ў кіно для пачатку. Аднак не рашаўся і падысці. Баяўся: засмяюць. Яшчэ болей пачнуць здзекавацца. Як Даша на такога паглядзіць? Хто ён такі для яе? Хутчэй за ўсё пустое месца. Але Коля не мог быць падобным на Кастальцава ці на Хвалея, якія падабаліся дзяўчатам незразумела за што. Абмежаваныя, тупыя, падонкападобныя, яны пагарджалі любой праявай цікаўнасці да мастацтва і творчасці ў цэлым, ні ў што не ставілі дзяўчат, але, калі трэба, заступаліся за іх і біліся люта і адчайна. Можа, за апошняе іх і шанавалі? Можа, у гэтым прычына? Жанчына выбірае таго, за кім, як за мурам? Коля ніколі не біўся, нікому не адказваў ударам на ўдар калі білі; калі шанцавала, уцякаў, але чытаў кніжкі пра смелых і высакародных людзей, захапляўся мушкецёрамі. Ды адна справа захапляцца мушкецёрамі, іншая – стаць імі. Пінокіа бракавала пораху змяніцца, пасмялець. Страх, які пасяліўся ў падсвядомасці яшчэ з дзяцінства, што ты нашмат слабейшы за тых, хто цябе крыўдзіць, знішчаў у зародку спробы выкараскацца з яго логава. Нібы цвікамі, пазабіваў усе выхады. Яму вельмі карцела быць моцным і адважным, каб Даша звярнула на яго ўвагу, хаця б усміхнулася ці кіўнула, калі Коля з ёй вітаўся. Ён сам не разумеў, як так выйшла, што яго нага раптам апынулася на шляху Хвалея і той спатыкнуўся. Чым, несумнеўна, дапамог Дашы. Чаму Хвалей наогул уз'еўся на Белую? Не за эмаўскі ж прыкід. Тут штосьці больш сур'ёзнае. Зрэшты, Хвалей да ўсіх чапляўся, сцвярджаў так званы аўтарытэт. Хто мацнейшы, той і правіць балем, як той казаў. Аднак толькі слабыя духам крыўдзяць дзяўчат.

А Даша з Таняй спалі, як у сябе дома. Таня ў сне ўткнулася носікам у Дашыну шыю. Яны ляжалі тварам адна да адной, нават неяк прыабняўшыся, нібы родныя.

Так, мара спраўдзілася. Дзяўчаты ў яго. А Пінокіа не ведаў, што з імі рабіць і як сябе паводзіць. Таму яны і спалі. Упэўненыя, што ён не патурбуе іх, а значыць, не ўспрымалі яго ўсур'ёз. Ім нават неўздагад, што адна з іх падабалася яму. Аднак што з гэтым рабіць Коля і сам не разумеў. Сядзеў на зэдліку каля ложка і глядзеў на дзяўчат, уяўляў, што ім можа сніцца ці хто. Так і праседзеў да чатырох гадзін дня, як верны сабака, які ахоўвае сон гаспадыні.

Першай расплюшчыла вочы Таня.

– Блін, колькі часу? – адразу запытала.

Пінокіа адказаў.

– Ты тут гэта… не сваволіў? – пералезла праз Дашу, звесіла з ложка ногі, зазіраючы ў Коліны вочы.

– Блін, Паўлоўская, па нагах, як па бульвары, – прабурчала Даша, прачынаючыся.

– Харэ дрыхнуць, – ускубнула тую Таня, – праспім усё на свеце.

– Затое выспаліся, – адгукнулася Даша, калі пачула, якая гадзіна. – А ты куды? – спытала сяброўку, бачачы, што тая збіраецца сыходзіць.

– Гэта вам добра, вольным людзям, – адказала Таня. – А ў мяне рэпетыцыя а пятай.

– Можа, перакусіш? – прапанаваў Пінокіа.

– Не, дзякуй, – адмовілася Таня, неяк паважліва зірнуўшы на аднакласніка, не так, як на цямцю-лямцю, ці Коле гэта падалося? – Мяне Мікалай Міхайлавіч пачастуе бутэрбродамі пасля рэпетыцыі. Пакуль нельга.

– Ён табе бутэрброды носіць? – здзівілася Даша.

– Не мне, – адказала Таня. – Застаецца ў яго проста з абеду. І, калі я галодная, ніколі не адмаўляюся. Тым больш што бутэрброды смачныя. Добра, усё, пакуль, чао. Заўтра ўбачымся. Коля, праводзь…

– Пакуль, – памахала рукой Даша.

Пінокіа адчыніў Тані дзверы, выпусціў на волю, як птушачку, зачыніў дзверы і вярнуўся да Дашы. Тая глядзелася ў люстэрка, упэўнівалася, ці ўсё нармальна. Усё ж у гасцях у хлопчыка якога-ніякога.

– Чо ты там пра хаўчык казаў? – сустрэла яна яго.

– А, зараз, – кінуўся Коля на кухню. Ён уключыў чайнік, у мікрахвалёўку закінуў катлеты і пюрэшку. Потым спытаў: – Катлеты з пюрэ будзеш?

– Ды мне ўсё адно, – адказала Даша, – абы ядома. – Яна ўстала з ложка, заслала яго, а падушкі ўзбіла. – Ну чо, хутка там? – нецярпліва крыкнула.

– Так, праходзь на кухню, – паклікаў Пінокіа, накрываючы на стол.

Даша села на прапанаванае месца, узброілася відэльцам і хлебам.

– Смачна есці! – сказала.

Пінокіа сеў насупраць, але есці не спяшаўся, зачараваны тым, як ела Даша. Яна спрытна і хутка паглынала ежу, з зайздросным апетытам, і так хораша, як гэта можа рабіць сапраўдная лэдзі, а не правінцыйная школьніца.

– Хопіць тарашчыцца! – не заўважыць Колінага позірку дзяўчына не магла. – Еж давай! Вельмі смачна, між іншым!

Калі пілі гарбату, Даша спытала:

– А чым, ты, Пінокіа, па жыцці займаешся? Усё кніжкі чытаеш?

– Чытаю, – адказаў Коля.

– Чытачом будзеш? Новую прафесію вынайшаў?

– А табе не падабаюцца кнігі?

– Гледзячы якія. Хоць чытаць я, праўда, любіла.

– Што, разлюбіла?

– Амаль. Хлусня ўсё. Не ўзапраўду.

– А я вось пісьменнікам хачу быць, – прызнаўся Пінокіа.

– Ну, і сцяг у рукі, – адказала Даша і тут жа спытала: – А ты чакаў нейкай іншай рэакцыі?

– Так, не, – паціснуў плячыма Коля. Раптам напружыўся (Даша нават спалохалася, што яму дрэнна зрабілася з-за яе рэплік) і выдаў на адным дыханні: – А давай пойдзем у кіно…

– Навошта? – Яе адпусціла. Прапанова аднакласніка не здзівіла Дашу. Яна проста не бачыла ў ёй сэнсу.

– Ну, як… – разгубіўся Пінокіа. Ён не спадзяваўся на станоўчы адказ, але ўсё адно быў збянтэжаны, плечы апалі. – Кіно паглядзець там… – усё ж прамямліў.

– Тое, што ты патрымаеш мяне за ручку ці пагладзіш па каленцы, нічога не зменіць, – сказала Даша. – Ты мне не падабаешся, Пінокіа, выбач, канечне. За хаўчык дзякуй. За падножку Хвалею дзякуй. І на гэтым усё. Навучыся даваць здачы, Пінокіа.

– Толькі ў гэтым уся справа? – ледзь стрымліваючы здрадлівыя слёзы, крывячы вусны, выдыхнуў Пінокіа.

– Не толькі, – сказала Даша. – Але адна з галоўных. Добра, мне пара, – зазбіралася сыходзіць.

– Я цябе праводжу, – вызваўся Коля.

– Не трэба, – спыніла яго Даша. – У нас не бандыцкі Пецярбург і яшчэ светла. – Абула красоўкі. – Ну, пакуль і дзякуй за ўсё яшчэ раз.

Яна нават цмокнула Колю ў шчаку, пакінуўшы след ад губной памады, але сышла. Зачыніўшы за ёй дзверы, Пінокіа аб'ехаў па дзвярах уніз, на кукішкі. Пабеглі кропелькі слёз па шчаках. Карцела выць плачма, але хлопец прымусіў сябе супакоіцца. Ён знайшоў татаву заначку, схаваную ад мамы, непачаты пачак «Космасу» (мама не любіла тытунёвы дым, а тата сказаў ёй, што кінуў, хоць курыў па-ціхаму), уключыў на поўную «Группу крови» Цоя і закурыў, няўмела, адкашліваючыся. Коля скурыў такім чынам тры цыгарэты запар, але палёгка не прыйшла.

Эпізод 9

Дом культуры стаяў у самым цэнтры мястэчка, зрэшты, як і школа, у якой вучыліся Таня з Дашай. Толькі школа размяшчалася крыху ўбаку, бліжэй да жылых дамоў. Дом культуры ж атачалі адміністрацыйныя будынкі.

Таня прывіталася з вахцёрам, прайшла праз фае, паднялася на другі паверх, увайшла ў танцклас, дзе ўжо стаялі на расцяжцы ля станка Аля, Юля і Руслана.

– Прывітанне, – кінула Таня дзяўчатам, на хаду распранаючыся.

– Рана ты сёння, – заўважыла Аля.

– Ды нас класуха проста з раніцы са школы папёрла, – прызналася Таня і дадала: – Прыкіньце, дзеўкі, мы з Дашкай Белай у Пінокіа ўвесь дзень прадрыхлі.

– А хто такі Пінокіа? – зацікавілася, пра каго кажа Таня, Юля.

– Ды хлопчык з класа, – адказала тая.

– І як? – зацікавілася.

– Ды ніяк, – паціснула плечукамі Таня. – Там усё так запушчана…

– Зусім бесперспектыўны? – не адставала Юля.

– Не тое слова, – сказала Таня. – Табе там лавіць сапраўды няма чаго. Не абломіцца.

– Ну ты ўсё адно тэлефончык чаркані, – папрасіла Юля.

– Ты чо, сур'ёзна? – не магла паверыць Таня.

– Не, прыкалваюся. Дыктуй тэлефон, Паўлоўская, не жміся, – заявіла Юля.

– Ды на, – Таня адшукала нумар тэлефона Пінокіа ў сваім тэлефоне, дзе захоўвала нумары ўсіх аднакласнікаў і не толькі, на ўсялякі выпадак, – шкада, ці што? – прадыктавала. Юля набрала прадыктаваны нумар у сваім тэлефоне і захавала яго.

– Усё адно не разумею, – прамовіла Таня потым, – нафіг табе Пінокіа? Ты ж яго не бачыла ніколі?

– Вось і пазнаёмлюся, – парыравала Юля, – адвянь, Паўлоўская.

– А Белая як? – спытала Аля.

– Ды з-за яе класуха нас і выперла, – адказала Таня. – Ну, і з-за Пінокіа. Прыкіньце, ён на Хвалея палез, абараняў Дашку.

– Нездарма тэлефончык запісала, – выдала Юля.

– Хвалей, гэта адмарозак той, які на Мікалая Міхайлавіча скакаў? – удакладніла Руслана.

– Ну, так, – пацвердзіла Таня.

– Які малайчынка, – пахваліла Пінокіа Юля.

– Так а з Белай што? – Алі не цярпелася пачуць падрабязнасці.

– Яна прыйшла ў школу як эма, – працягвала Таня. – Класуха, пакуль ніхто не ўбачыў чорна-ружовую Дашку ў балетнай пачцы і Пінокіа з пабітай губой, папрасіла сысці. А паколькі Пінокіа паплахела, мы суправадзілі яго дахаты.

– Бедны хлопчык, – уставіла Юля.

– Ну і… – уважліва слухала Аля.

– Ну і я сышла, а Дашка заставалася яшчэ там, калі я сыходзіла, – скончыла Таня.

– А ён з ёй нічога не зробіць? – гэта Руслана пацікавілася асцярожна.

– За цэлы дзень нічога не зрабіў, – адказала Таня, – не зробіць і далей.

– Упэўнена? – уважліва паглядзела на яе Аля. – Вы былі ўдвух. Зараз яна адна. Кеміш?

– Я цябе ўмаляю! – запярэчыла Таня. – Пінокіа не маньяк. Ён нават не ў курсе з якога боку падысці да дзяўчыны.

– Ну-ну, – прамовіла Аля. – А Дашка ваша рэальна крутая, – раптам прамовіла. – Хоць адстой гэты разварушыць, сабе, праўда, у шкоду. Але я буду хварэць за яе.

Размова прыпынілася пры з'яўленні харэографа Сяргея Мялешкі – жанчынападобнага маладога чалавека аднаго ўзросту з Мікалаем Міхайлавічам. Яны не сябравалі, але па працы даводзілася сутыкацца. Між іншым, Сяргея дзяўчаты клікалі толькі па імені. Не таму, што менш паважалі, а таму, што ну смешна звяртацца да сяброўкі, як да Мікалая Міхайлавіча. Дзяўчаты ставіліся да свайго кіраўніка з любоўю, але не як да мужчыны. Сяргея гэта не хвалявала і ніяк не кранала. Ён ведаў і любіў сваю справу, а яго асабістае жыццё і асабістыя прыхільнасці нікога не павінны былі калыхаць.

Рэпетыцыя пачалася.

Для размінкі паўтарылі «Дзікія танцы» Русланы. Потым выканалі некалькі хіп-хопавых рэчаў, з якімі перамаглі на абласным конкурсе сучаснага танца. Пасля Сяргей паведаміў, што прыйшлі паперы з Міністэрства культуры аб правядзенні тэматычнага рэспубліканскага конкурсу «За квітнеючую Беларусь», які пройдзе ў сталіцы дзяржавы ў снежні. Іх калектыў запрошаны прыняць удзел. Значыць, трэба шукаць новую музыку і новыя вобразы. Усе пагадзіліся і, безумоўна, узрадаваліся. Пачнецца сапраўдная цікавая праца. Надакучыла ўжо паўгода адно і тое ж танчыць.

Выходзілі ажыўленыя і адухоўленыя будучымі пераменамі.

На ганку курыў Мікалай Міхайлавіч. Убачыўшы Таню, падклікаў, папрасіў затрымацца. Таня развіталася з дзяўчатамі, падышла да Мікалая Міхайлавіча.

– Ужо дамоў? – спытаў Мікалай Міхайлавіч.

Таня кіўнула.

– Бутэрброд хочаш? – пацікавіўся Мікалай Міхайлавіч.

– Хачу, – не адмовілася Таня. Яна страшэнна прагаладалася за цэлы дзень. Як толькі ногі не працягнула?…

Мікалай Міхайлавіч адкрыў партфель, які стаяў на падаконніку за спінай, вынуў папяровы скрутак, у які былі загорнутыя бутэрброды з каўбасой. Мяркуючы па ўсім, калі партфель з ім, Мікалай Міхайлавіч таксама вызваліўся і адмыслова чакаў Таню, чагосьці хацеў ад яе.

– Слухай, Паўлоўская, – пачаў Мікалай Міхайлавіч, працягваючы дзяўчыне бутэрброд, – я тут п’еску адну знайшоў. Хачу паставіць у нашай установе.

– Так стаўце, – прамовіла Таня, прымаючы бутэрброд, – я пры чым?

– Ды пры тым, – сказаў Мікалай Міхайлавіч, – што ты павінна ў ёй выканаць галоўную ролю.

– На жаль, не магу, – адразу адмовілася Таня, кусаючы бутэрброд.

– Гэта чаму яшчэ? – здзівіўся адмове Мікалай Міхайлавіч.

– У нас конкурс намячаецца, – жавала Таня.

– Танцулькі ці што? – зразумеў Мікалай Міхайлавіч.

– Не танцулькі, – паправіла Таня. – Вельмі важны танцавальны конкурс рэспубліканскага маштабу. Сярожа так сказаў.

– Калі справа толькі ў Сярожы, – прамовіў Мікалай Міхайлавіч, – я з ім пагавару.

– Не трэба, – запярэчыла Таня. – Я хачу танчыць.

– Так, добра, – падхапіў Мікалай Міхайлавіч партфель пад мышку, а Таню ўзяў за руку, – пойдзем, праводжу цябе, па дарозе пагаворым.

– Я так папярхнуся, – не паспявала за вялікімі крокамі Мікалая Міхайлавіча Таня. Прыйшлося яму падладжвацца пад хуткасць дзяўчыны. – Так значна лепш, – задаволена прагаварыла яна.

– Ты ж не чытала яшчэ п'есы! – стаяў на сваім Мікалай Міхайлавіч.

– Нафіг мне яе чытаць, калі граць у ёй не буду, Мікалай Міхайлавіч? – адбівалася Таня.

– Ты мне павінна, памятаеш? – нагадаў Мікалай Міхайлавіч.

– Ну памятаю, – пагадзілася Таня. – І чо? Вы мяне цяпер увесь час шантажаваць будзеце? Дзяўчат мала? Аглядзіцеся вакол! Толькі свісніце – з усіх кутоў збягуцца.

– Мне не патрэбныя ўсе, Паўлоўская, – настойваў Мікалай Міхайлавіч. – Патрэбна ты і патрэбна тая, Белая, здаецца…

– Чо? – спынілася і застыла, як скамянелая, Таня. – Мікалай Міхайлавіч, вы чо, запалі на Дашку? Не ведаеце, як падваліць да яе, дык выдумалі п'есу нейкую?

– Не мялі лухты! – нядобра бліснулі вочы Мікалая Міхайлавіча. Ён адкрыў партфель, дастаў жоўценькую кніжачку, зборнік п'ес Кацярыны Ткачовай, разгарнуў на патрэбнай старонцы. – П'еса называецца «Прывітанне, Маша!».

– Хутчэй «Прывітанне, Даша!», – адным вокам зазірнула Таня ў кніжку.

– У пьсе – дзве галоўныя ролі і дзве другарадныя, – прамовіў Мікалай Міхайлавіч, вочы яго зноў пацяплелі. – Ролі гэтыя нібы адмыслова для вас напісаны. Вазьмі кніжку і прачытай уважліва. Я думаю, да цябе дойдзе пасля чытання, што п'еса гэтая значна важнейшая за танцулькі твае.

– Ды добра, не крыўдзіцеся вы, – узяла кніжку Таня, – прачытаю я вашу «Прывітанне, Дашу!».

– Не рабі мне ласку, – папярэдзіў Мікалай Міхайлавіч. – Прачытай уважліва. П'еса кароткая, шмат часу не зойме.

– Праехалі ўжо, Мікалай Міхайлавіч, – пагладзіла яго па руцэ Таня. – Прачытаю абавязкова.

– Прачытай, – кіўнуў Мікалай Міхайлавіч, – да таго ж да твайго дому мы ўжо, здаецца, прыйшлі.

– Так, – пакрывілася сумна на бабулін дом, з якім яны параўняліся, Таня. Мікалай Міхайлавіч жыў далей, амаль у канцы мястэчка. Ці ў пачатку? Як правільна? У старым Капылі, карацей. Яна ўстала на дыбачкі, цмокнула Мікалая Міхайлавіча ў шчаку і пабегла ў двор. Мікалай Міхайлавіч пакрочыў далей.

Эпізод 10

Юля Перасільд хітравала, што не знаёмая з Пінокіа. Не асабіста, але яна яго ведала. Выпадкова неяк патрапіла на чарговае пасяджэнне паэтычнага клуба на базе гарадской бібліятэкі, якое праводзілася, як пазней высветліла, кожны панядзелак у чытальнай зале. Юля тады прыйшла памяняць старыя глянцавыя часопісы на новыя. Яна аддавала перавагу «Хелло», «Сямі дням», «Космаполітану», увогуле тым выданням, у якіх мусіраваліся плёткі пра зорак. Яе шалёна цікавіла жыццё галівудскіх артыстаў, асабліва Арланда Блума, Брэда Піта і Джэнсана Эклса. Прысутныя сталыя дзядзькі і цёткі (амаль усе сталы ў чыталцы былі заняты), уважліва слухалі нейкага хлопчыка, які дэкламаваў, як на ранішніку, рыфмаваныя радкі, штосьці пра казачны замак, у якім заблукала душа. Юля тады падумала, што за трызненне ў галаве ў хлопца? Але нечакана дарослыя людзі, некаторых Юля ведала як вельмі паважаных у мястэчку і за яго межамі, заапладыравалі гэтаму хлопчыку стоячы. Варта было затрымацца і сёе-тое высветліць. Суседка па лесвічнай пляцоўцы, якая працавала ў бібліятэцы прыбіральніцай, сцісла паведаміла, што хлопчык гэты – Коля Кот, што ён сын загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Ілоны Васільеўны, што за доўгі нос дзятва яму дала мянушку Пінокіа яшчэ ў першым класе, што ён кожны год выйграе нейкія спаборніцтвы па сачыненнях і што кажуць, быццам Колю Ката Божачка пацалаваў. Юля прызадумалася. Яна таксама пісала вершы і лунала ў паднябессі, калі ніхто не бачыў. Рацыянальны пачатак заўсёды машынальна націскаў на тормаз, калі Юліна ўяўленне забывалася і спрабавала выйсці з-пад кантролю. Дзяўчына баялася насмешак з боку сябровак, якія, Юля не сумнявалася, не зразумеюць яе захаплення паэзіяй і перастануць сябраваць. Прага творчасці прывяла яе да танцаў, але паэзія не жадала сыходзіць і здавацца проста так. Вершы працягвалі пісацца, аднак Юля нікому іх не паказвала. Так, яна ведала пра клуб мясцовых паэтаў, але, ізноў жа, не хацела праславіцца белай варонай сярод аднагодак, калі тыя даведаюцца пра наведванне ёю гэтага клуба. Патрапіўшы ў замкнёнае кола, створанае самой жа, Юля шукала выйсця і, як ёй падалося, знайшла яго ў асобе Пінокіа, толькі не ведала, як да хлопца падступіцца, не выпадала зручнага моманту. Да таго ж вучыўся ён у іншай школе. Юля была ўпэўнена, што яны пасябруюць. Хто, што і як пра яго думаў, дзяўчыну мала цікавіла. Галоўнае, Коля Кот – сапраўдны. З яго дапамогай, магчыма, і Юля пазбавіцца ад страху быць незразуметай. Бо іх будзе двое.

Вярнуўшыся пасля рэпетыцыі дамоў, Юля набрала нумар Пінокіа, зачыніўшыся ў сваім пакоі, каб ніхто не падслухаў. Яна наогул не любіла, калі хто-небудзь слухаў яе размовы па тэлефоне. Коля адказаў, здзіўлена спытаўшы, хто гэта?

– Ты мяне не ведаеш, – сказала Юля ў трубку. – Але я вельмі хачу з табой пазнаёміцца.

– Калі гэта жарт такі, то вы не па адрасе, дзяўчына, – запярэчыў Пінокіа.

– Не вешай трубку, калі ласка, – папрасіла Юля. – Над табой ніхто не жартуе. Мне рэальна патрэбна твая дапамога.

– Але мы ж не знаёмыя, – прагучаў адказ. – Чым я змагу дапамагчы незнаёмаму чалавеку?

– Шмат чым, – запэўнівала Юля. – Давай сустрэнемся, – прапанавала.

– Я прыйду, як дурань, – ізноў засумняваўся Пінокіа, – а ты пасмяешся з сяброўкамі ці сябрамі над разведзеным лохам?

– Навошта ты так? – сумна прамовіла Юля. – Я не такая.

– А якая?

– Табе спадабаецца.

– Гэта несур'ёзна, – вырашыў скончыць размову Пінокіа.

– Ведаеш пустку за ваенкаматам? – спытала тады Юля.

– Дапусцім, – адказаў Коля.

– Праз паўгадзіны на пустцы, – прапанавала Юля.

– Ты не прыйдзеш, – сумняваўся Пінокіа.

– Вось і праверыш.

– Як я цябе пазнаю? – нарэшце зацікавіўся Пінокіа.

– Я прыгожая, не дурная. Да таго ж на пустцы, акрамя мяне, нікога не будзе.

– Навошта прыгожай і не дурной знаёміцца з такім, як я? – ізноў сумневы.

– Каб павялічыць тваю самаацэнку, – прагучаў адказ. – Я чакаю. Час пайшоў.

Юля адключыла тэлефон. Яна дала Колю паўгадзіны, таму што ісці яму было далекавата ад Цэнтра да новабудоўляў. Гэта ёй – выбегчы з пад'езда і завярнуць за вугал дома. Аднак уседзець між чатырох сцен Юля не магла. Яна пайшла на пустку да пакінутых пасля будоўлі бетонных пліт, складзеных адна на адну. Іх было пяць. Юля забралася на пятую, самую верхнюю, села на край, звесіўшы ногі.

Пачынала цямнець. Сюды ніхто не хадзіў. Пустка нікога не прыцягвала. Тут не схаваешся, калі што якое. Вецер прадзьмуваў. Але Юля не баялася ветру. Яна лічыла яго сябрам, гэтак жа, як і зоркі, якія паволі ўспыхвалі ў нябеснай далечы. Толькі ім дзяўчына давярала свае вершы, чытала ўголас, слухала сябе і вецер. Зоркі і вецер верылі Юлі, захоўвалі ўсе яе сакрэты і слёзы.

Пінокіа спазняўся. Юля паглядзела на гадзіннік. Паўгадзіны даўно мінулі. Але ёй не хацелася верыць, што ён не прыйдзе. Яна азябла, цела біла дрыготка. Вецер, адчуваючы, што Юля знайшла кагосьці яшчэ апроч яго, раўнаваў. Стала яшчэ цямней. Юля не сыходзіла.

Яна пачула яго крокі раней, чым усвядоміла, што ён прыйшоў.

Пінокіа падняўся на верхнюю пліту. Юля кінулася да яго, павісла на шыі. Інстыктыўна Коля абняў яе, прыціскаючы да сябе дрыготкае, як змерзлае кацяня, цела.

– Гэта ты, – прашаптала Юля, зазіраючы ў вочы юнаку. – Я Юля, – назвалася.

– Ты ўся дрыжыш, – прамовіў Пінокіа.

– Так не адпускай мяне, – папрасіла Юля. – Можа, дрыжаць перастану.

– Навошта я табе? – здзіўляўся Пінокіа, таму што дзяўчына сапраўды выглядала шыкоўна. – Што цябе, такую, і мяне можа аб’ядноўваць?

– А я табе зусім не падабаюся? – занепакоілася Юля.

– Ды падабаешся, – адказаў Коля, – у прыгажосці я разбіраюся, але…

– У цябе хтосьці ёсць? – дапамагла Юля.

– Наўрад ці, – задумаўся Пінокіа.

– Што тады? – дапытвалася Юля.

– Неяк дзіўна ўсё гэта, – не разумеў Коля, што ён рабіў на гэтай пустцы з несумнеўнай прыгажуняй, якая гарнулася да яго.

– Ты баішся прыгожых дзяўчат? – здагадалася Юля. – Не бойся, – правяла рукой па яго шчацэ. – Яны самі ўсяго баяцца. Давай сябраваць, – прапанавала. – Ты мне вельмі падабаешся, – прамовіла далікатна. – Я ўсё пра цябе ведаю. Не моцна баліць? – спытала пра пабітую губу.

– Ды не, – усміхнуўся Коля.

Юля прыпаднялася на дыбачкі, як раней Таня Паўлоўская каб цмокнуць Мікалая Міхайлавіча ў шчаку, для таго, каб пацалаваць Колю ў вусны.

– Мяккія, – сказала пасля пацалунку. – Нязграбныя, – усміхнулася. – Давай сустрэнемся заўтра пасля ўрокаў тутака ж, – прапанавала.

– Давай, – пагадзіўся ашаломлены Пінокіа. Ён і падумаць не мог, што спадабаецца такой прыгожай дзяўчыне. А Юлі ён спадабаўся. Яна ведала, што ён добры і прыстойны. І нос у яго не такі ўжо і доўгі, як напрыдумлялі. А тое, што няўмелы і кранальны ў сваім няўменні, – так гэта выдатна. Будзе чаму вучыцца адно ў аднаго.

– А цяпер ідзі дамоў, – папрасіла Юля раптам.

– Ты ўпэўнена? – удакладніў Пінокіа, ці правільна ён зразумеў.

– Так, – цвёрда адказала Юля. – Галоўнае, што ты прыйшоў. Значыць, у нас усё атрымаецца. Да заўтра.

Дзяўчына выбралася з абдымкаў хлопца, лёгка спусцілася з бетонных пліт на зямлю і пабегла дахаты.

Дзея трэцяя

Эпізод 11

П'еса Кацярыны Ткачовай «Прывітанне, Маша!» захапіла Таню з першай старонкі, хоць чытаць яе яна не вельмі хацела. Пасёрбаўшы супчыку з фрыкадэлькамі, прыгатаванага бабуляй, Таня разгарнула кніжку, пачала чытаць і правалілася ў тэкст, як у вір з галавой, сама таго не чакаючы. Сорак старонак сярэднім шрыфтам праглынула на адным дыханні. Мікалай Міхайлавіч ведаў, што прапаноўваць. Не так проста, між іншым, зацікавіць сучаснага падлетка чытаннем, тым больш чытаннем п'есы. Прыкольна будзе, калі ў Мікалая Міхайлавіча атрымаецца паставіць спектакль. Галоўная гераіня, Маша, сапраўдны вожык, проста як Дашка Белая. Толькі яна павінна граць Машу. Абедзве бунтаркі без прычыны. За ўдаванай ці, хутчэй, найгранай грубасцю Машы хавалася ўразлівая і далікатная істота, якая, таксама як усе, прагнула кахання, разумення і ўвагі. Шурка, другая гераіня, чалавек, які ўсё гэта меў. Утоены канфлікт паміж імі на працягу ўсяго твора ў тым, каб і Машу, і Шурку пачулі і палюбілі такімі, якімі яны былі насамрэч, а не ў нечым уяўленні. Фінал аж слёзы выклікаў. Шурка, чакаючы свайго хлопца, сыходзіла на хвілінку дапамагчы дзяўчынцы, якая забралася на дрэва, а злезці без старонняй дапамогі не магла. Маша замест Шуркі сустракае яе хлопца і расказвае яму пра Шурку безліч прыдуманых на месцы гадасцяў, не са зла, а таму, што таксама хоча, каб у яе быў хлопец. Калі Шурка вяртаецца, бачыць, што Маша цалуецца з хлопцам. Вядома, тут вінаваты хлопец. Навошта Шурке такі кабель, які цалуецца з першай сустрэчнай? Шурка, зразумела, разгублена, пакрыўджана, узрушана здрадай каханага чалавека, але, стрымліваючыся, звяртаецца да Машы і да свайго хлопца словамі Машы: «Як гэта ў цябе? Не вер у каханне – не будзе балюча? А смешна!» Хлопец вырываецца з Машыных абдымкаў, імкнецца дагнаць Шурку, якая ўцякае. Застаўшыся адна, Маша плача, кажа, што яна не дрэнная, што таксама любіць шмат з таго, што любіць Шурка. Але ёй ніхто ніколі не казаў, як Шурцы яе хлопец «Прывітанне, Шура!». Ніхто і ніколі. І тут з'яўляецца Шурка, аклікае Машу і кажа ёй: «Прывітанне, Маша!».

Дашы павінна спадабацца. Яна ж нязменная ўдзельніца ўсіх школьных мерапрыемстваў, звязаных з мастацкай самадзейнасцю. А Дом культуры гэта ж не школьны ўзровень караценькіх сцэнак, тут цэлы спектакль. Можа, варта паспрабаваць? Але спачатку трэба пагаварыць з Дашкай.

У школу Таня прыйшла ў новым вобразе (прыклад сяброўкі паўплываў), праўда, не так кардынальна, як яна, змяніўшыся. За ноч шмат перадумаўшы, Таня вырашыла пагадзіцца на прапанову Мікалая Міхайлавіча і прыняць удзел у пастаноўцы. Натуральна, ёй адведзена роля Шуркі, значыць, трэба адпавядаць гераіні. Ужыцца ў яе. Таня была светлавалосай, але не настолькі, наколькі павінна быць Шурка.

Яна пафарбавалася ў плацінавую стэрэатыпную бландзінку, сабраўшы валасы ў хвосцікі, апранула школьную форму, яшчэ маміну, бабуля знайшла, з белымі манжэтамі, каўнерыкам і фартушком. Паколькі на вуліцы пахаладала – скураное станістае паліто са стаячым каўняром. На ногі нацягнула гетры. Трэба было неяк адпавядаць Дашы, зрабіцца антыподам, ці што. Як чорнае і белае, як цемра і святло. Не так запушчана, вядома, не так маштабна. Карацей, падтрымаць Дашку, каб яна не пачувалася адным ваяром у полі. Бабуля з задавальненнем выпраўляла ўнучку ў школу. Нарэшце дзяўчынка апамяталася і хораша апранулася, а галоўнае, правільна, як сапраўдная школьніца. Усе б зрабілі, як Танечка, глядзіш, і прадукцыйнасць працы павялічылася б. Больш дысцыпліны было б. Навошта адмянілі школьную форму, расперазаліся ад усёдазволенасці? Сталіна на іх няма! Калі ўжо прэзідэнт возьмецца за адукацыйныя рэформы, дзяцей і іх знешні выгляд?… Адна агіднасць, як кінеш вока на некаторых, нават пазіраць сорамна. А Танечка малайчына, разумніца ўнучка…

Яна дагнала Дашу на скрыжаванні, калі тая збіралася пераходзіць дарогу.

– Прывітанне! – усміхнулася, падыходзячы.

– Тань?! – здзівілася Даша. – Ты? Ці хто?…

– Ды я, – працягвала ўсміхацца тая, задаволеная эфектам.

– Ты чо, у першы клас сабралася? – не знайшла нічога іншага сказаць Даша.

– А я твой прататып, – выпаліла Таня.

– Прата… чо? – не зразумела Даша. – Сама зразумела, чо сказала?

– Карацей, твая светлая палова, – выкруцілася Таня.

– А цёмная тады дзе? – засмяялася раптам Даша.

– Не тупі, Белая, цёмная ты! – растлумачыла Таня. – Ты ж у нас эма. А я антыэма. Зразумела?

– Антыэма прам! – працягвала смяяцца Даша.

Падышоў Пінокіа. Прывітаўся ветліва. Дзяўчаты пацікавіліся, як яго рана. Не турбуе? Коля прамаўчаў ці зрабіў выгляд, што не пачуў, ацаніў убранне і новыя колер валасоў і прычоску Паўлоўскай.

У класе на ўсіх траіх тут жа абрынуліся Хвалей з Кастальцавым.

– Прыкінь, – гучна звярнуўся Хвалей да Кастальцава, як толькі Пінокіа, Даша і Таня ўвайшлі ў клас, – Пінокіа з аховай прыйшоў. Колькі плаціш? – навіс над Колем, калі той сеў за парту. – Ці яны натурай бяруць?

– Адвянь ад яго! – параіла Даша Хвалею.

– О, сек'юрыці замукала, – пракаментаваў Кастальцаў Дашыну фразу.

– А чо, яму мову адняло? – адгукнуўся Хвалей. – Чуеш, Пінокіа, стаміўся за ўчора? Каліся, якія яны на смак? Як з дзвюма ўпораўся?…

Пінокіа дрыжаў дробнымі дрыжыкамі, стрымліваючы лютасць, але баючыся абразіць Хвалея словам ці ўдарыць яго і атрымаць у адказ, а ох як карцела ўляпіць таму паміж вачэй. У руках ён круціў шарыкавую асадку, якую, ведаў па фільмах, можна выкарыстоўваць і як зброю. Адкуль узяліся смеласць і рашучасць? Адной рукой, рэзка, Коля схапіў Хвалея за шыю і прыціснуў да парты, у другой сціскаў асадку, якую прыставіў да горла праціўніка.

Загрузка...